Ці выйграе Пуцін, ці прайграе ад смерці Прыгожына? Разважае палітолаг Галямаў


У Расеі 23 жніўня разбіўся бізнес-джэт лідара баевікоў Групы Вагнэра Яўгенія Прыгожына. Баевікі і амерыканскія эксперты лічаць, што Прыгожын быў забіты сваймі расейскімі ворагамі – імаверна, на загад Уладзіміра Пуціна. Што дае Пуціну смерць бунтара, спыталі ў эксперта.

Уладзімір Пуцін
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Пуцін на сустрэчы з губернатарам Камчацкага краю, Расея. 5 верасня 2022 года.
Фота: Kremlin.ru

На момант публікацыі не вядома, ці сапраўды загінуў Яўгеній Прыгожын: ён быў запісаны на адпаведны рэйс, але цела яшчэ не апазналі і доказаў гібелі не падалі. Аднак няма і цвёрдых падставаў лічыць, што Прыгожына не было на борце.

Расейскі палітолаг Абас Галямаў разважаў у спецвыданні «Вот так»: нельга было выключаць раптоўнай смерці Прыгожына пасля мяцяжу, бо ягонымі ворагамі сталі і ўкраінцы, і Уладзімір Пуцін.

«Гэта ж як трэба ўмудрыцца пражыць жыццё, каб людзі, якія шчыра ненавідзяць адзін аднаго, цябе таксама ненавідзелі!» – кажа Галямаў.

Што ж прывяло Прыгожына ў Расею? Яму ж дазволілі «сысці ў Беларусь», а нядаўна ён запісваў відэаролік нібыта з Афрыкі. Хадзілі чуткі, што Пуцін запрасіў яго на Валдай, каб абмеркаваць лёс Афрыкі.

Яўгеній Прыгожын нібыта ў Афрыцы. 21 жніўня 2023 года. Скрыншот: grey_zone / Telegram

Галямаў адзначае, што выгнаны Прыгожын з’яўляўся ў Расеі і раней, нават публікаваў сэлфі з Санкт-Пецярбургу падчас саміту Расея – Афрыка. Таму палітолаг не лічыць, што трэба рабіць нейкія высновы з таго, што Прыгожын ізноў прылятаў у Расею.

Галямаў звяртае ўвагу на тое, што Прыгожын ляцеў над Расеяй прыватным самалётам, бо збіць прыватны самалёт «заўсёды можна». Чаму Прыгожын так рызыкаваў?

«Я думаю, ён залішне рацыяналізаваў Пуціна, – адказвае палітолаг на сваё ж пытанне. – Ён як бізнэсовец глядзеў на сітуацыю: я занадта дорага каштую, каб Пуцін мог дазволіць сабе ад мяне пазбавіцца».

Галямаў лічыць, што Прыгожын сваім мяцяжом прынізіў Пуціна ў вачах усяго свету, і для Пуціна было важна паслаць сігнал расейскім элітам, якія «пачыналі пазіраць са здзіўленнем» на беспакаранасць Прыгожына. Яму ж не толькі закрылі крымінальную справу і вярнулі сканфіскаванае, але і пачалі заключаць з ім новыя кантракты. Беспакаранасць Прыгожына выглядала як «пісьмовае запрашэнне» элітаў да наступных прыніжэнняў Пуціна.

Пасля меркаванай смерці Прыгожына эліты павінны адчуць, што Пуціна рана спісваць з рахункаў і трэба пачаць спалохана азірацца па баках, разважае палітолаг. Гэты эфект не будзе вечным, але на нейкі час «Пуцін купіў сабе лаяльнасьць элітаў».

У той жа час Пуцін прайграў у грамадскай думцы, лічыць палітолаг. Па-першае, грамадству важны «эстэтычная складнік»: Пуцін не павёў сябе «па-рыцарску» і не выклікаў Прыгожына на дуэль, а дачакаўся, пакуль той расслабіцца. Па-другое, Прыгожын у вачах расейскага грамадства не быў ворагам: даказаў свой «патрыятызм» справай на вайне ва Украіне – браў Бахмут, калі астатняе войска ўгразла.

Выходзіць, кажа палітолаг, што Пуцін прыбраў «патрыёта», які не падпарадкаваўся начальству і рабіў, як лічыў патрэбным: як калі б Васілія Чапаева ў грамадзянскую вайну застрэлілі свае ж.

Hавiны
Інстытут вывучэння вайны: Збіць самалёт Прыгожына амаль напэўна загадаў Пуцін
2023.08.24 08:52

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў