Зразумець нельга крыўдзіцца. Зяленскі забыў Беларусь у заяве пра паўстанне Каліноўскага


23 студзеня ў Варшаве адбыліся ўрачыстасці да 160-годдзя пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага. Падчас афіцыйнай цырымоніі амбасадар Украіны ў Польшчы прачытаў адмысловы ліст прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, у якім ніяк не згадвалася Беларусь. У сацсетках – скандал. Як варта рэагаваць беларусам, ці пакрыўдзіўся полк Каліноўскага, што кажуць у Кіеве – у матэрыяле «Белсату».

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская на ўрачыстасці да 160-годдзя пачатку паўстання Каліноўскага. Варшава, Польшча. 23 студзеня 2023 года.
Фота: Jacek Szydlowski / Forum

Ва ўрачыстасцях у Варшаве да 160-годдзя пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага (або Студзеньскага паўстання) узялі ўдзел прэзідэнты Польшчы і Літвы, прысутнічала беларуская дэлегацыя.

Польскі лідар у сваёй заяве некалькі разоў згадаў нашую краіну. Анджэй Дуда вітаў «прадстаўнікоў вольнай, незалежнай і суверэннай Беларусі на чале са спадарыняй Святланай Ціханоўскай».

«Я веру, што ў Беларусі таксама будуць панаваць свабода, дэмакратыя і воля да самавызначэння, што беларускі народ дачакаецца сваёй свабоды ў мірнай барацьбе за тое, што яму аб’ектыўна належыць: права на абсалютнае самавызначэнне на ўласнай зямлі», – сказаў Дуда.

Ён адзначыў, што «польскія, літоўскія, украінскія і беларускія семʼі яшчэ памятаюць страчаную маёмасць, страчаную зямлю, адабраную царом у якасці пакарання за ўдзел у паўстанні».

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда на ўрачыстасці да 160-годдзя пачатку паўстання Каліноўскага. Варшава, Польшча. 23 студзеня 2023 года.
Фота: Jakub Szymczuk / KPRP

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа назваў паўстанне барацьбою супраць «намаганняў маскоўскага царызму ізаляваць і канчаткова падпарадкаваць польскі, літоўскі, беларускі і ўкраінскі народы».

А прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пра Беларусь «забыў». Ягоны ліст прачытаў амбасадар Васіль Зварыч.

«Студзеньскае паўстанне паскорыла нацыянальнае адраджэнне і вызваленчы рух на тэрыторыі сучасных Украіны, Польшчы і Літвы. Тагачасныя падзеі загартавалі свабодалюбства і цвёрдасць духу нашых народаў. Сёння, аддаючы даніну павагі Студзеньскаму паўстанню, мы адчуваем адзінства і асаблівую гістарычную сувязь з нашымі продкамі, якія тады мужна адстойвалі свабоду і незалежнасць», – цытуе заяву агенцтва PAP.

Праўда, на пачатку прамовы дыпламат павітаў «прадстаўнікоў беларускага народу».

Сацсеткі выбухнулі

На гэтую няпамятлівасць беларусы адрэагавалі ў Facebook і Twitter. Натуральна, і з жартамі.

«Разумею, што Беларусь цяпер не вельмі прыгожа выглядае для ўкраінскай улады. Але заплюшчваць вочы на гістарычны факт удзелу Беларусі ў паўстанні 1863–1864 – татальнае глупства».

«Дарэчы, само існаванне палка з беларусаў з такой назвай – жарт для яго? Мог бы яго згадаць, калі не хацеў народ ці краіну».

«Зяленскі рыхтуе ўказ аб перайменаванні палка Каліноўскага ў «Полк Січнеўскага паўстання Польшчы, Украіны і Літвы».

Колішні супрацоўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі Павел Слюнкін назваў ліст Зяленскага цэнзурай гісторыі: «Пра тое, што паўстанне 1863 года значыць для нашага народу, беларусы паказвалі ўжо вельмі шмат разоў. І асабліва яскрава ў 2019 годзе. Ні Масква, ні Лукашэнка нічога з гэтым зрабіць не змаглі. Не атрымаецца і ў новых аматараў цэнзураваць гісторыю. Беларусы шануюць сваіх герояў».

«На страну человека напали с нашей территории, а мы удивляемся, почему он нам выказывает недостаточно уважения? Ну круто, чё».

«І што не так? Беларусы ў той час альбо ціхенька ў вусы пасміхаліся, альбо здавалі каліноўцаў, альбо ваявалі супраць іх».

Дзіўная заява Зяленскага

Дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны, кіраўнік парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» Аляксей Ганчарэнка ў каментары для «Белсату» назваў заяву дзіўнай і памылковай.

«Гэта нейкая памылка, не зразумелая для мяне. Безумоўна, падчас паўстання Каліноўскага нашыя чатыры народы былі аб’яднаныя, разам: украінскі, літоўскі, польскі і, безумоўна, беларускі. Таму гэта крыху дзіўна, і мне шкада, што не быў згаданы беларускі народ».

Адначасова Ганчарэнка падкрэсліў, што беларусам крыўдзіцца не варта.

«Не думаю, што тут ёсць падставы для крыўды. Я кажу ўкраінцам, што ім не трэба крыўдзіцца на Беларусь, што з Беларусі прыйшлі забіваць украінцаў, таму тут крыўдзіцца на «згадалі – не згадалі» – гэта дакладна не падстава».

«Паразуменне з украінцамі прыйдзе»

Старэйшы палітычны дарадца Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі ў размове з «Белсатам» адзначыў, што ўрачыстасці ў Варшаве адбыліся ў атмасферы, дзе невідочна прысутнічала расейская агрэсія.

«На вялікі жаль, цяперашняе кіраўніцтва Беларусі фактычна зрабіла Беларусь суагрэсарам у гэтай ганебнай вайне. На вялікі жаль, мы не змаглі гэтага спыніць. Хоць і супрацьстаялі. Таму крыўдзіцца не варта. Украіна цяпер змагаецца не толькі за сваю свабоду, але і за нашую. Таму яе трэба падтрымаць».

Дабравольскі падкрэсліў, што цяпер – час дзейнічаць, а ўкраінцы абавязкова паразумеюцца з беларусамі. Але пазней.

«Не ўсе могуць бараніць гонар і годнасць беларусаў са зброяй у руках, як гэта робяць нашыя добраахвотнікі ва Украіне. Але кожны з нас можа зрабіць свае ўчынкі: не супрацоўнічаць з незаконным рэжымам, распаўсюджваць праўду, перашкаджаць агрэсару хоць маленькімі дзеяннямі, ахвяраваць на дапамогу Украіне. А пасля прыйдзе і паразуменне з украінцамі. А Каліноўскі застанецца ў нашай гісторыі як нацыянальны герой, справу якога мы мусім давесці да перамогі», – сказаў прадстаўнік офісу абранай прэзідэнткі.

Полк Каліноўскага не крыўдуе, Рада БНР – смуткуе

Ваяры палка, названага ў гонар героя паўстання, на заяву Зяленскага не пакрыўдзіліся.

«Беларусам час навучыцца не судзіць пра сябе з чужых словаў. Ад таго, што нехта нечага не сказаў, нашыя гісторыя і веліч народнай барацьбы не стануць горшыя», – сказалі «Белсату» ў прэс-службе палка Каліноўскага.

Ускладанне вянкоў на цырымоніі да 160-годдзя пачатку паўстання Каліноўскага. Варшава, Польшча. 23 студзеня 2023 года.
Фота: Jakub Szymczuk / KPRP

У Радзе БНР заявілі, што ліст Зяленскага іх засмуціў, хоць і зразумела, чаму ён «забыўся» пра Беларусь.

«Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае засмучэнне тым, што ў дні, калі адзначаецца 160-гадовы юбілей пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага супраць расейскай імперыі, прэзідэнт Украіны не знайшоў магчымасці прыгадаць удзел у ім беларускага народу», – гаворыцца ў заяве, апублікаванай у Telegram-канале Рады БНР.

Там адзначылі, што прычынаю адсутнасці Беларусі ў заяве ўкраінскага лідара стаў суўдзел Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі.

«Прычына гэтага зразумелая і палягае не ў гісторыі, а ў сучаснасці: суўдзел Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны. Аднак важна памятаць, што Лукашэнка ёсць узурпатарам і не выяўляе волі беларускага народу. Ён выконвае волю Пуціна, у інтарэсах якога знішчыць незалежнасць Беларусі», – гаворыцца ў заяве.

«Беларусы не былі забытыя»

Ва ўрачыстасцях у Варшаве ўдзельнічаў кіраўнік Беларускага моладзевага хабу і прадстаўнік народнай амбасады Беларусі Алесь Лапко. Ён распавёў «Белсату», што гэта была закрытая цырымонія, але дзякуючы паслу Польшчы ў Менску Артуру Міхальскаму і народнай амбасадзе служба бяспекі пусціла амаль усіх беларусаў, якія захацелі прысутнічаць.

«Дзякуючы гэтым беларусам атрымалася быць заўважанымі. Нават без афіцыйнага голасу Святланы Ціханоўскай, вянка ад беларускага народу беларусы не былі забытыя».

Беларусы, што прысутнічалі на цырымоніі да 160-годдзя пачатку паўстання Каліноўскага. Варшава, Польшча. 23 студзеня 2023 года.
Фота: Алесь Лапко / Facebook

Суразмоўца «Белсату» выказаў упэўненасць, што некалі ўгодкі герояў паўстання будуць адзначацца і ў Беларусі.

«Бо для нашага народу, нашай нацыянальнай памяці гэта вельмі важныя падзеі, да якіх адсылаюць як класікі кшталту Караткевіча, гэтак і сённяшнія ваяры, якія змагаюцца за свабоду Украіны і Беларусі ў палку імя Кастуся Каліноўскага».

Цяпер жа, на думку Алеся Лапко, крыўдзіцца на прэзідэнта Украіны не варта, бо гэта «марная трата энергіі, эмоцыяў, унутраных сілаў».

«Нам трэба засяродзіцца на нашай справе, падтрыманні беларусаў і Беларусі ў цяжкі час. Крыўды гэтаму не дапамогуць. Таксама нам трэба шукаць саюзнікаў і пункты ўплыву на тыя ці іншыя падзеі. Калі беларусы будуць больш заўважныя, моцныя, актыўныя, тады нас цяжка ігнараваць. Крок за крокам, працуй пільна і будзе Вільня, як кажуць. Можа, дойдзе і да Зяленскага».

Зразумець, нельга крыўдзіцца.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў