Марка «Аховы птушак Бацькаўшчыны» магла стаць маркай года ад Белпошты, але яе выдалілі з галасавання


На сайце «Белпошты» праходзіць галасаванне за лепшую паштовую марку 2022 года. Сярод 27 прэтэндэнтаў лідарам была паштовая марка з выявай белай сініцы «Белая лазараўка», падрыхтаваная ўжо ліквідаванай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) і міжнароднай асацыяцыі па абароне птушак «BirdLife International». Аднак марку без тлумачэння прычынаў выдалілі з галасавання.

Марка «Белая лазараўка». Крыніца: belpost.by

Марка «Белая лазарэўка» была выпушчана ў сакавіку 2022 года ў рамках праекту «Птушка года».

Тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» паведамляе, што менш чым за гадзіну марка ад АПБ выйшла на першае месца: раніцай за яе было аддадзена ўсяго 86 галасоў, а праз некаторы час больш за 2000 галасоў.

Калі медыя сталі расказваць пра гэта, прапагандысты выбухнулі пастамі на Белпошту: «Дзяржарганізацыя, як так, ох, ах…». Верагодна праз гэта марку і выдалілі з галасавання.

Крыніца: reform.by

Белпошта ніяк не патлумачыла выдаленне маркі «Аховы птушак Бацькаўшчыны» з галасавання за марку года. Пасля выдалення маркі «Белая лазараўка» лідарам стала марка «Беларускі край. Віцебшчына».

Крыніца: motolkohelp/ Telegram

Нагадаем, улады ліквідавалі АПБ у 2021 годзе, бо нібыта «пад выглядам валанцёрства па выратаванні птушак ажыццяўляла экстрэмісцкую дзейнасць». Дырэктар АПБ Віктар Фянчук быў асуджаны на 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў