22 снежня Камітэт Дзяржаўнай думы ў справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязяў з суайчыннікамі ўхваліў кандыдатуру Барыса Грызлова на пасаду амбасадара Расеі ў Беларусі. Belsat.eu распавядае, чым вядомы Грызлоў і навошта Крамлю спатрэбілася змяняць амбасадара ў Менску.
Ухваленне кандыдатуры Грызлова ў Дзярждуме не азначае, што ён ужо стаў амбасадарам. Каб Грызлоў мог прыступіць да выканання сваіх абавязкаў, адпаведны ўказ мусіць падпісаць прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, а ўлады Беларусі павінны выдаць новаму амбасадару агрэман (згоду на прызначэнне). Але, паводле «Интерфакса», усё гэта адбудзецца яшчэ да канца года.
Цяперашні амбасадар Расеі ў Беларусі Яўген Лук’янаў не паспеў прапрацаваць на сваёй пасадзе нават 9 месяцаў: яго прызначылі толькі ў канцы сакавіка 2021 года.
Барыс Грызлоў нарадзіўся ў 1950 годзе. Скончыў Ленінградскі электратэхнічны інстытут сувязі, атрымаў спецыяльнасць радыёінжынера. У савецкі час працаваў на прадпрыемстве, якое ў тым ліку вырабляла інтэгральныя схемы для прыбораў абароннай вытворчасці, узначальваў мясцовы прафком камсамолу. Пасля распаду СССР Грызлоў займаўся бізнесам, працаваў у сістэме адукацыі і толькі ў канцы 1990-х прыйшоў у палітыку.
У пачатку 2000-х расейская прэса ўключала Барыса Грызлова ў гэтак званую групоўку піцерскіх. Гэта ўмоўны тэрмін журналісты выкарыстоўвалі ў дачыненні землякоў Пуціна, якія прайшлі ва ўладу і заставаліся там выключна дзякуючы асабістым сувязям з новым на той момант прэзідэнтам.
Пры гэтым для «піцерскіх» Грызлоў быў фігурай не характэрнаю, яго не звязвала з Пуціным вучоба, служба ў КДБ або праца ў мэрыі Санкт-Пецярбургу. Паводле афіцыйнай версіі, пазнаёміліся яны толькі ў 1999 годзе. Расейскія журналісты выказвалі меркаванне, што кар’еру Грызлову вызначыла не столькі ягонае асабістае знаёмства з расейскім прэзідэнтам, колькі сяброўства з людзьмі з блізкага кола Пуціна. Грызлоў быў аднакласнікам цяперашняга сакратара Савету бяспекі РФ Мікалая Патрушава, а ў канцы 1990-х кіраваў выбарчай кампаніяй Віктара Зубкова – сябра Пуціна з піцерскай мэрыі і будучага прэм’ер-міністра (2007–2008). Але, паводле непацверджанай інфармацыі медыяў, Пуцін і Грызлоў маглі быць прыяцелямі задоўга да 1999 года.
На момант прыходу Пуціна да ўлады Грызлоў не быў вядомы шырокай публіцы. Нягледзячы на гэта, у 2000-м яго зрабілі кіраўніком праўладнай думскай фракцыі «Единство» (праз год яна пераўтворыцца ў «Единую Россию»), а ў 2001-м нечакана прызначылі на пасаду кіраўніка МУС, хаця сам ён сілавіком не быў. Працу ў МУС Грызлоў пачаў з амбітнай праграмы рэфармавання ведамства, але ў выніку ўсё абмежавалася PR-кампаніяй па барацьбе з гэтак званымі «пярэваратнямі ў пагонах» (карупцыянерамі сярод сілавікоў).
Ужо ў канцы 2003 года Грызлоў пакінуў міністэрскую пасаду і засяродзіўся на партыйнай працы: ён узначаліў «Единую Россию», якая атрымала большасць у парламенце, і быў прызначаны спікерам Дзярждумы. Пры ім Дзяржаўная дума стала паслухмяным інструментамі ў руках Пуціна, а ягонае бачанне нормаў парламенцкай працы ўвасобілася ў крылатай фразе – «Парламент – не месца для дыскусіяў».
У 2011 годзе Грызлоў сышоў з Дзярждумы, пасля чаго выступаў толькі на другарадных (калі не трэцярадных) ролях у расейскай палітыцы, а таксама працаваў у дзяржаўных карпарацыях. Ён дасюль застаецца старшынём Найвышэйшага савету партыі «Единая Россия», але гэтая пасада цяпер мае хутчэй сімвалічнае значэнне.
З 2015-га Грызлоў – прадстаўнік РФ у Трохбаковай кантактавай групы для ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе. Праўда, апошнім часам праца ТКГ фактычна была замарожаная.
Расейскія медыі ў адзін голас называюць Грызлова палітычным «цяжкавіком», які мае добрыя апаратныя сувязі і якому давярае Пуцін. «Проста так на такія пасады людзей узроўню Грызлова не прызначаюць», – заявіла крыніца Znak.com у Дзяржаўнай думе.
Прафесар МДУ, палітолаг Андрэй Манойла ў размове з радыё «Комсомольская правда» адзначыў, што гэтае прызначэнне сведчыць пра тое, што цяпер беларускі напрамак мае прыярытэтнае значэнне для Масквы: тут спатрэбілася «цяжкая артылерыя». «Папярэдні амбасадар займаў назіральную пазіцыю, а прызначэнне Грызлова стала б пераходам да актыўных дзеянняў», – кажа ён.
Кантэкст зразумелы: увосень 2021 года Пуцін і Лукашэнка падпісалі інтэграцыйныя праграмы, якія плануецца зрэалізаваць да канца 2023 года, у выніку чаго мусіць запрацаваць прынцып «дзве краіны – адна эканоміка». У гэтых пагадненнях не закранаецца пытанне палітычнай інтэграцыі, але і Пуцін, і Лукашэнка дапускалі, што паспяховая эканамічная інтэграцыя амаль аўтаматычна можа пацягнуць за сабою палітычную – напрыклад, стварэнне агульнага парламенту. Палітолаг Дзмітрый Абзалаў у інтэрв’ю газеце «Коммерсант» дапусціў, што Грызлова могуць прызначыць якраз з прыцэлам на будучае стварэнне супольнага парламенту дзвюх краінаў.
Раней некаторыя расейскія журналісты і палітолагі выказвалі меркаванне, што Пуцін наагул разлічвае далучыць Беларусь да Расеі да 2024 года, каб на хвалі «народнай любові» пераабрацца на чарговы тэрмін. Калі ў Крамлі сапраўды маюць такія планы, то прызначэнне Грызлова выглядае цалкам лагічна: для паскарэння інтэграцыі Пуціну трэба мець у Менску моцную палітычную фігуру, а не кадравага дыпламата, якім быў Лук’янаў.
Першы намеснік старшыні камітэту Дзяржаўнай думы ў справах СНД Канстанцін Затулін адкрыта заявіў, што Грызлоў патрэбен у Беларусі ў святле рэалізацыі інтэграцыйных праграмаў. Прычым у інтэрв’ю тэлеканалу «Дождь», адказваючы на пытанне пра межы інтэграцыі, ён не выключыў нават аб’яднання Беларусі і Расеі ў адну дзяржаву. «Усё можа быць», – сказаў ён.
Затулін пазначыў і яшчэ адзін пункт беларуска-расейскіх дамоўленасцяў – «канстытуцыйны працэс».
«У Беларусі будзе мяняцца Канстытуцыя, будзе мяняцца мадэль дзяржавы. Зыходзячы з гэтага, прысутнасць палітыка на пасадзе амбасадара важная», – падкрэсліў ён.
Магчымая трансфармацыя палітычнай мадэлі ў Беларусі – гэта сапраўды важны пункт у стасунках Менску і Масквы. Мяркуючы з усяго, змена Канстытуцыі стала адною з галоўных умоваў Крамля, на якіх Расея была гатовая падтрымаць Лукашэнку падчас масавых пратэстаў. Кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў у верасні 2020 года казаў, што пасля канстытуцыйнай рэформы Лукашэнка нават абяцаў абвесціць датэрміновыя выбары.
Публічна Масква не агучвала пажаданняў наконт зместу канстытуцыйнай рэформы, але ясна, на які вынік расейскае кіраўніцтва разлічвае. Крэмль хоча зрабіць беларускую палітычную сістэму больш стабільнаю, прадказальнай і кантраляванаю, каб расейскія інтарэсы ў Беларусі былі завязаныя не на аднаго Лукашэнку.
Хаду думак расейскага кіраўніцтва цудоўна ілюструюць апублікаваныя год таму выданнем «The Insider» дакументы з Адміністрацыі прэзідэнта РФ, падрыхтаваныя ўпраўленнем, якое ўзначальвае генерал Службы вонкавай выведкі Уладзімір Чарноў. У прыватнасці, у дакументах вялося пра тое, што ў выніку канстытуцыйнай рэформы трэба пашырыць паўнамоцтвы парламенту, а потым забяспечыць там прарасейскую большасць, «што зробіць унутраную і вонкавую палітыку краіны больш вызначанаю».
Праект Канстытуцыі, які хоча прыняць на рэферэндуме Лукашэнка, прадугледжвае істотнае пашырэнне паўнамоцтваў Усебеларускага народнага сходу, а не парламенту. Сваё стаўленне да такой версіі канстытуцыйнай рэформы ў Крамлі публічна не выказвалі, але агульная мэта – зрабіць палітычны рэжым у Менску больш прадказальным і кантраляваным – наўрад ці змянілася. Сачыць за дасягненнем гэтай мэты, імаверна, будзе яшчэ адною задачаю Грызлова.
Пры гэтым ад Грызлова не варта чакаць агрэсіўнага стылю паводзінаў, які дэманстраваў у Беларусі іншы расейскі «цяжкавік» Міхаіл Бабіч. Бабіч узначальваў амбасаду ў 2018–2019 гадах у перыяд гэтак званага ўльтыматуму Мядзведзева і быў адкліканы праз асабісты канфлікт з Лукашэнкам. У адрозненне ад Бабіча, Барыса Грызлова характарызуюць як «абсалютна нехарызматычнага, але паслухмянага выканаўцу», хутчэй узорнага бюракрата, чымся палітыка. На публічную канфрантацыю з Лукашэнкам ён не пойдзе, усе пытанні будуць развязвацца негалосна.
Канстанцін Затулін, каментуючы розным медыям прызначэнне Грызлова, рабіў і яшчэ адзін цікавы акцэнт: ён адзначыў, што новы амбасадар «мае досвед у тым ліку міжнародных канфліктах».
«У нас сурʼёзныя праблемы на заходнім кірунку, абвастрэнне сітуацыі і вакол Украіны, і вакол Беларусі. А Грызлоў на працягу шэрагу гадоў выконваў асобыя даручэнні прэзідэнта, калі справа датычыла Украіны», – заявіў ён у інтэрв’ю радыёстанцыі «Эхо Москвы».
Навошта «ўкраінскі досвед» Грызлова спатрэбіўся ў беларуска-расейскіх стасунках? Імаверна, цяпер Крамлю патрэбная больш шчыльнай каардынацыі вонкавай палітыкі Беларусі і Расеі на ўкраінскім кірунку, асабліва з улікам пагрозы новай вайны. Паколькі Грызлоў глыбока ўцягнуты ва ўкраінскую тэму, ягоная фігура ў Менску можа выглядаць аптымальнаю для Крамля і з гэтага гледзішча. Дарэчы, паводле «Коммерсанта», Грызлоў будзе сумяшчаць працу амбасадара з працай у ТКГ.
РР belsat.eu