Палітвязня, які адбыў тэрмін за надпіс «Света, я вас кахаю», ізноў затрымалі і завялі новую справу


Палітвязня Аляксандра Плескацэвіча з Ляхавіцкага раёну, які адбыў два гады «хіміі» за публічнае прызнанне ў каханні Святлане Ціханоўскай і выйшаў на свабоду ў лютым 2023 года, ізноў затрымалі. Супраць яго распачалі новую крымінальную справу, піша «Вясна».

Аляксандр Плескацэвіч. Снежань, 2021 год.
Фота: spring96.org

Пасля вызвалення з «хіміі» Аляксандр Плескацэвіч быў затрыманы паводле адміністратыўнай справы. Ён адседзеў 10 содняў за тое, што нібыта «нанёс на сямі вокнах і фасадзе дому бел-чырвона-белую сімволіку».

Цяпер праваабаронцы даведаліся, што Аляксандра вінавацяць ужо не толькі ў «хуліганстве», але ў «рэабілітацыі нацызму». Былы палітвязень, як мяркуе «Вясна», застаецца пад вартай у СІЗА. Разбор справы пачнецца 28 лістапада ў Берасцейскім абласным судзе. У якасці суддзі – Андрэй Сіз.

Таксама стала вядома, што ў пятніцу 24 лістапада Вярхоўны суд разгледзіць скаргу Аляксандра Плескацэвіча на затрыманне ў канцы лютага.

Жыхар вёскі Куршынавічы Ляхавіцкага раёну Аляксандр Плескацэвіч першы раз быў затрыманы ў верасні 2021 года. У снежні яго прызналі вінаватым у хуліганстве і асудзілі на два гады «хіміі». Нібыта мужчына маляваў на слупах і электрашчытах бел-чырвона-белыя сімвалы ды напісаў на слупе: «Света, я вас кахаю». У пісьмовым тлумачэнні, што агучвалі ў судзе, Аляксандр прызнаваўся: хацеў такім чынам паказаць, што кандыдатка на прэзідэнцтва Святлана Ціханоўская яму падабаецца як жанчына. Падчас адбывання пакарання мужчыну кідалі ў ШІЗА і змяшчалі ў магілёўскую турму № 4, адкуль ён вярнуўся моцна збіты.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», толькі за кастрычнік 2023 года паводле «пратэставых» крымінальных справаў у Беларусі асудзілі не менш за 45 асобаў. На 16 лістапада ў Беларусі палітычнымі вязнямі афіцыйна прызнаныя 1453 асобы. Паводле праваабарончай ініцыятывы «Dissidentby», у краіне – 1661 палітзняволены. Насамрэч іхная колькасць можа быць большая ў некалькі разоў.

Hавiны
Апеляцыю на прысуд Эдуарду Бабарыку разгледзяць 27 лістапада
2023.11.23 12:50

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў