Міністэрства культуры Беларусі за апошнія паўгода выключыла каля 50 арганізатараў канцэртаў з адпаведнага дзяржаўнага рэестру, паведамляе «Sputnik Беларусь».
Цяпер у рэестры налічваюцца 737 пазіцыяў, з якіх як выключаныя пазначаныя 75. Хаця яшчэ ў траўні выключанымі значыліся каля 20 арганізатараў.
Сёлета ў верасні Савет Міністраў прыняў пастанову, паводле якой патрабаванні для залучэння ў рэестр арганізатараў канцэртаў сталі больш жорсткія: трэба мець досвед арганізацыі не меншы за тры гады, не мець правапарушэнняў у кіраўніка кампаніі або ІП. Акрамя таго, арганізацыя культурніцка-відовішчных імпрэзаў мае быць асноўным відам дзейнасці юрыдычнай асобы або індывідуальнага прадпрымальніка.
Запісаныя ў рэестр мусілі перарэгістравацца да 23 кастрычніка і падаць дакументы згодна з новым пералікам.
Раней Міністэрства культуры хацела забараніць ІП арганізацыю канцэртаў і пакінуць гэтае поле дзейнасці кампаніям, аднак пакуль такой нормы не прынялі. Цяпер у рэестры налічваюцца прыкладна тры сотні ІП.
Алена Рувіна belsat.eu