Расейскі знішчальнік упаў на жылы дом у Іркуцку


Вайсковы самалёт пацярпеў крушэнне падчас выпрабавальнага палёту ў Іркуцку. Самалёт упаў у прыватным сектары на двухпавярховы дом, паведамляе «РИА Новости» са спасылкай на МНС.

Па інфармацыі газеты «Известия», абодва пілоты знішчальніка загінулі. Ці ёсць ахвяры сярод цывільных – невядома.

У сеціве з’явілася відэа падзення самалёту і пажару. Паводле відавочцаў, агонь перакінуўся на суседнія будынкі і цяпер гарыць вельмі шмат дамоў, піша «Иркутск онлайн».

Пра прычыны катастрофы пакуль нічога не паведамляецца.

Гэта ўжо другая катастрофа вайсковай авіяцыі Расеі за гэты тыдзень. 17 кастрычніка самалёт Су-34 з поўным боекамплектам упаў у двары жылога дому ў горадзе Ейск Краснадарскага краю. Пасля аварыі боепрыпасы знішчальніка ўзарваліся, агонь ахапіў 9-павярховы дом. Загінулі 15 чалавек, лётчык катапультаваўся.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў