У Мілавідах пад Баранавічамі разбурылі будынак паштовай станцыі XIX стагоддзя


Улады разбурылі паштовую станцыю XIX стагоддзя, якую мясцовыя часцей называлі белым домам. Пра гэта стала вядома 22 чэрвеня ад жыхароў вёскі Мілавіды, дзе знаходзіўся будынак, паведамляе партал Bar24.by.

Будынак былой паштовай станцыі ў Мілавідах.
Фота: planetabelarus.by

Галіновы энцыклапедычны даведнік «Архітэктура Беларусі» вызначаў станцыю як помнік архітэктуры класіцызму, а доктар архітэктуры Армен Сяргеевіч Сардараў – як узор тыражаванай дарожнай пабудовы з элементамі архітэктуры класіцызму, піша тэлеграм-канал «Спадчына». Будынак быў унесены ў савецкія часы ў Зборнік помнікаў гісторыі і культуры Беларусі – афіцыйны пералік аб’ектаў, якія былі ўзятыя пад ахову дзяржавы.

Паштовую станцыю пабудавалі на ўскраіне вёскі Мілавіды, на шашы Івацэвічы – Слуцк, у 1843 годзе (па іншых дадзеных у 1846 годзе).  Цагляны будынак быў пабудаваны па тыповым праекце дарожнага будаўніцтва ў стылі класіцызму з элементамі готыкі. Ён складаўся з трох цагляных проставугольных накрытых шатровымі дахамі будынкаў, якія ўтвараюць адзіную П-відную кампазіцыю. Цэнтральны будынак выходзіў на дарогу галоўным фасадам, службовыя – тарцамі.

Пра будынак былой паштовай станцыі ў Мілавідах пісалі ў газетах. Крыніца: bar24.by

Падчас паўстання Кастуся Каліноўскага (1863-1864 гг.) на Мілавідскай паштовай станцыі размяшчаўся адзін з паўстанцкіх аддзелаў. Таксама ў Мілавідах быў бой паўстанцаў з царскімі атрадамі.

Да нашых дзён захавалася некалькі пабудоў, сярод якіх самай характэрнай лічыўся станцыйны дом. Гэта аднапавярховы будынак з рысамі класіцызму.

Апошнім часам будынак паштовай станцыі выкарыстоўваўся як рамонтна-дарожная ўстанова.

«Навошта было разбураць? Гэта ж наша гісторыя. І сам будынак яшчэ прастаяў бы шмат гадоў», – адзначыў адзін з жыхароў вёскі.

Разбураны будынак былой паштовай станцыі ў Мілавідах. Крыніца: spadczyna / Telegram

Як паведамляе тэлеграм-канал «Спадчына», у 2021 годзе была накіравана прапанова аб наданні станцыі статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, бо аналагічныя аб’екты ў іншых раёнах такі статус маюць. Але на думку выканкаму яна «не змяшчала дастатковых звестак, адсутнічала абгрунтаванне неабходнасці надання статусу гістрыка-культурнай каштоўнасці». «Затое падстаў знішчыць гістарычны абʼект, відаць, было валам», – скардзяцца аўтары тэлеграм-каналу.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў