Беларусам у Судане сказалі чакаць эвакуацыі: баі працягваюцца, нягледзячы на спробы замірэння


Грамадзяне Беларусі застаюцца ў Судане, дзе трываюць баі між узброенымі сіламі і мяцежнымі ваенізаванымі падраздзяленнямі. Амбасадар Беларусі расказаў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ, што ўсіх беларусаў у Судане прасілі чакаць магчымасці бяспечнага выезду.

Знішчаны самалёт «Іл-76ТД» беларускай авіякампаніі «Belcanto Airlines». Хартум, Судан. 16 красавіка 2023 года.
Фота: Maxar

Амбасадар Беларусі ў Егіпце, Алжыры, Амане і Судане па сумяшчальніцтве Сяргей Цярэнцьеў адзначыў, што сітуацыя ў Судане застаецца «напружанай», нягледзячы на заявы аб замірэнні, і гаворкі аб поўным спыненні агню не ідзе.

«З усімі выяўленымі беларускімі грамадзянамі амбасада падтрымлівае кантакт, наколькі гэта магчыма ва ўмовах сувязі, што перыядычна знікае, – расказаў Цярэнцьеў. – Усім ім мы рэкамендавалі заставацца ў бяспечным памяшканні да з’яўлення рэальнай магчымасці гарантаванага бяспечнага выезду з краіны».

Два беларусы з 20 красавіка знаходзяцца ў расейскай амбасадзе ў Хартуме, куды іх перавезлі з «месца, дзе было асабліва небяспечна».

Раней стала вядома аб знішчэнні беларускага грузавога самалёта ў аэрапорце Хартума. Сямёра чальцоў экіпажу ў «больш-менш спакойнай зоне», як сказаў амбасадар, але сувязі з імі няма.

Каментар
У баях у Судане знішчылі беларускі грузавы самалёт. Што там адбываецца і хто з кім б’ецца
2023.04.20 15:09

Калі стане магчымай эвакуацыя, невядома: Цярэнцьеў сказаў, што дыпламаты чакаюць гарантыяў «не на словах». Колькі беларусаў цяпер у Судане, ён не расказаў, але раней паведамлялі пра 10 чалавек.

Тым часам іншыя краіны ад 22 красавіка эвакуююць сваіх грамадзянаў: вывезлі рознымі шляхамі дзясяткі грамадзянаў Саудаўскай Аравіі, Злучаных Штатаў, Злучанага Каралеўства і іншых; эвакуацыйныя аперацыі рыхтуюць таксама Турэччына і Швецыя.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў