МЗС: У сталіцы Судану цяпер 10 беларусаў, якіх пакуль не могуць эвакуяваць


У Хартуме – сталіцы Судану, дзе некалькі дзён таму пачаліся сутыкненні паміж войскам і сіламі хуткага рэагавання, застаюцца 10 грамадзянаў Беларусі. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

Дым над сталіцай Судану Хартумам. Скрыншот з відэа: lostshmi/ Instagram

«На гэты момант у Хартуме застаюцца, умоўна, тры групы нашых грамадзянаў, усяго 10 асобаў. З усімі з іх нашае пасольства ў Егіпце трымае сувязь, аказвае кансультацыйную дапамогу і іншае спрыянне», – сказаў Анатоль Глаз.

Паводле ягоных словаў, дваіх беларусаў ужо ўдалося вывезці ў адносна бяспечнае месца на тэрыторыю амбасады Расеі.

Нагадаем, 20 красавіка з’явілася інфармацыя пра самалёт «Іл-76ТД» беларускай авіякампаніі «Belcanto Airlines», што быў моцна пашкоджаны і фактычна знішчаны ў аэрапорце Хартуму падчас спробы дзяржаўнага перавароту ў Судане. Прэс-сакратар МЗС таксама згадаў пра экіпаж гэтага грузавога самалёта з сямі асобаў. Паводле ягонай інфармацыі, экіпаж «перабывае на адносным аддаленні ад эпіцэнтру баявых сутыкненняў, аднак пакідаць лакацыю і перамяшчацца ў гэты момант вельмі небяспечна».

«Сітуацыя пакуль застаецца складанай. І на гэты момант няма ніякіх гарантыяў бяспекі эвакуацыйных рэйсаў, што не дае магчымасці зарганізаваць вываз замежных грамадзянаў з тэрыторыі Судану. Пасольства Беларусі ў Егіпце працягне аказваць усё магчымае спрыянне нашым суайчыннікам», – сказаў Глаз.

З пачаткам баявых дзеянняў многія дарогі і масты ў Хартуме перакрытыя, аэрапорт таксама стаў зонай баявых дзеянняў. Палёты туды спыненыя.

Каментар
У баях у Судане знішчылі беларускі грузавы самалёт. Што там адбываецца і хто з кім б’ецца
2023.04.20 15:09

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў