Польшча высылае ваеннага аташэ Беларусі. Гэта адказ на дзеянні Менску


Ваенны аташэ Беларусі найбліжэйшым часам пакіне Польшчу. Пра гэта паведаміў 23 лютага прэс-сакратар польскага МЗС Лукаш Ясіна. Гэта адказ Польшчы на рашэнне Менску выправадзіць з Беларусі афіцэра сувязі Памежнай службы Польшчы і двух працаўнікоў польскага кансулату з Горадні, перадае PAP.

Міністэрства замежных справаў Польшчы.
Фота: Simona Supino / Forum

«У найбліжэйшы час беларускі ваенны аташэ пакіне Польшчу», – сказаў прадстаўнік міністэрства замежных справаў.

Паводле яго, афіцэр сувязі Памежнай службы Польшчы і два працаўнікі польскага кансулату з Горадні ўжо пакінулі Беларусь.

Нагадаем, што ўдзень 17 лютага ўрад Беларусі паведаміў аб прыняцці пастановы, згодна якой зменены парадак руху польскага грузавога транспарту праз мяжу і тэрыторыю Беларусі. Гэта рашэнне прынятае пасля таго, як Польшча 10 лютага вырашыла закрыць памежны пераход «Баброўнікі» на нявызначаны тэрмін, што ў сваю чаргу было зроблена пасля прысуду ў 8 гадоў аднаму з лідараў польскай дыяспары ў Беларусі Анджэю Пачобуту.

Таксама ў Міністэрства замежных спраў Беларусі 17 лютага быў выкліканы Часовы павераны ў справах Польшчы Кшыштаф Ажанна. Беларускі бок запатрабаваў, каб штат Генеральнага консульства Польшчы ў Горадні быў прыведзены «да колькаснага парытэту з колькасцю супрацоўнікаў Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку». МЗС таксама назваў бессэнсоўным далейшае знаходжанне на тэрыторыі Беларусі афіцэра сувязі Памежнай службы Польшчы.

У адказ кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Мар’юш Каміньскі пастанавіў з 21 лютага абмежаваць рух беларускіх грузавых аўтамабіляў на памежным пераходзе Кукурыкі-Казловічы.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў