Чаму дэпутатам Палаты прадстаўнікоў далі візу ў Вену? Тлумачыць Франак Вячорка


У жывым эфіры «Белсату» старэйшы палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка пракаментаваў інцыдэнт, які адбыўся 23 лютага на сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Вене.

Зімовая сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ адкрылася сёння ў Вене. Акцыя пратэсту дэлегацыяў адбылася пасля выступу дэпутата парламента Латвіі Рыхардса Колса. У канцы прамовы ён па-расейску сказаў фразу пра расейскі вайсковы карабель.

Прадстаўнік Расеі на гэта адказаў, што знаходзіцца на сесіі правамоцна, і прапанаваў нязгодным выйсці з залі «разам са сваімі ўкраінскімі сцягамі». У выніку палова дэлегацыяў пакінула пасяджэнне.

У гэтай сесіі бярэ ўдзел і «афіцыйная» беларуская дэлегацыя на чале з дэпутатам Андрэем Савіных.

У жывым эфіру журналіст «Белсату» Віталь Бабін папрасіў Франака Вячорку пракаментаваць тое, як беларускія і расейскія прадстаўнікі ўладаў наагул змаглі патрапіць у Аўстрыю.

– Калі вядома, што людзі, кшталту Андрэя Савіных будуць правакаваць удзельнікаў сесіі, навошта іх запрашаць у Аўстрыю?

– Так працуе АБСЕ, там ёсць акрэдытаваныя дэлегацыі, якія фармуюцца акрэдытаванымі ўрадамі. Як і ў ААН, так і ў АБСЕ фармальна рэжым Лукашэнкі ўсё яшчэ прызначае чальцоў дэлегацый, – кажа Франак Вячорка. – І чальцы дэлегацый маюць «аўтаматам» пропуск у месца, дзе адбываюцца паседжанні АБСЕ.

А вось з візамі пытанне больш складанае. Аўстрыя не можа не даць візы, бо яна зʼяўляецца хабам для дзясяткаў міжнародных арганізацыяў і, паводле аўстрыйскага заканадаўства, Вена павінная даваць візы ўсім, хто акрэдытаваны гэтымі міжнароднымі арганізацыямі. У адрозненні, напрыклад, ад Польшчы, якая летась у снежні не пусціла прадстаўнікоў лукашэнкаўскай дэлегацыі. І ў адрозненні ад Канады, якая будзе прымаць наступнае паседжанне Парламенцкай асамблеі АБСЕ і збіраецца не пусціць лукашэнкаўскую і расейскую дэлегацыі.

Аўстрыя была вымушаная пусціць. Але кіраўніцтва АБСЕ годна паступіла – пасадзіла беларускую і расейскую дэлегацыі на «лаўку двоечнікаў». Савіных далі выступаць апошняму. Калі выступаў Савіных, у залі практычна нікога не засталося, – распавёў у эфіры «Белсату» Франак Вячорка.

Каментар
І Ціханоўскую, і лукашэнкаўцаў запрасілі на сесію Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Што гэта значыць?
2023.02.23 11:19

belsat.eu

Стужка навінаў