Ноўтбукі беларускага «Гарызонту» выставілі на продаж па цане ад 1599 рублёў. Гэта не шмат?


У гандлёвым цэнтры «Galleria Minsk» 22 снежня правялі цырымонію старту продажу «беларускіх» ноўтбукаў, якія нібыта вырабляе завод «Гарызонт», піша БелТА. Купіць іх пакуль можна толькі ў гэтым гандлёвым цэнтры, а цану не хацеў называць нават сам «Гарызонт».

Ноўтбук «H-book» вытворчасці нібыта «Гарызонту». Выява: h-book.by

Аляксандр Лукашэнка 1 верасня паказаў «першы камп’ютар, створаны ў Беларусі» – ноўтбук нібыта ад заводу «Гарызонт», які вельмі нагадваў «Lenovo IdeaPad 3». Лукашэнка абяцаў, што да канца года ў ноўтбуку будзе 30 % беларускіх дэталяў, але на той момант іх было толькі 12 %. Паведамлялася, што камп’ютар будзе каштаваць ад 1300 рублёў у залежнасці ад камплектацыі і што яго запусцяць у серыйную вытворчасць у лістападзе 2022 года.

22 снежня «гарызонтаўскі» ноўтбук пад брэндам «H-book» пачалі прадаваць у «Galleria Minsk». Аднак больш нідзе яго не знайсці: на афіцыйным сайце яго не купіць, па тэлефонах «Гарызонту» прапануюць звяртацца ў кампанію МПОВТ, а ў гэтай кампаніі цану і характарыстыкі адмаўляюцца расказаць, кажуць ехаць у «Галерэю» – там ноўтбукі будуць паказваць да суботы ўключна, а больш нідзе іх пакуль няма.

Цану раскрыла праўладнае выданне Tochka.by: ад 1599 рублёў за мадэль з працэсарам «Intel Core i-3». Атрымалася даражэй, чым планавалі, праз лагістыку.

Што гэта за ноўтбук?

Беларускія дзяржаўныя кампаніі вядомыя «налепкавай вытворчасцю»: калі закупляюць гатовы прадукт за мяжой і дадаюць на яго свае лагатыпы, выдаючы за «зробленае ў Беларусі». Напрыклад, яшчэ ў 2009 годзе «Інтэграл» прадаваў маніторы, якія аказаліся замежнымі – за «інтэгралаўскімі» налепкамі хаваліся лагатыпы «Acer», AOC ці «Benq». А ў Расеі цяпер такім «налепкавым» шляхам адрадзілі аўтамабілі «Масквіч».

Манітор «Integral», які напраўду вырабіла кампанія «Acer». 2009 год.
Фота: чытач Tut.by

У свеце выпускаюць нямала прадуктаў па схеме, падобнай да «налепкавай вытворчасці». Толькі звычайна дзяржавы не хваляцца тым, што зрабілі «сваю» тэхніку. Арыгінальнага вытворцу ў такіх выпадках пазначаюць як OEM (original equipment manufacturer). І якраз згаданая кітайская кампанія «Lenovo» працуе паводле такой схемы: можа вырабіць ноўтбук хоць пад брэнд «Белсат». У Беларусі такім чынам рабілі камп’ютары «Dainova» яшчэ ў першай палове 1990-х (толькі не выдавалі за «беларускае дасягненне»).

Аднак цяперашні «H-book» не падобны да паказанай Лукашэнкам мадэлі. Нечага падобнага паводле вонкавых прыкметаў адшукаць не ўдалося: новы «H-book» усё яшчэ нагадвае «Lenovo IdeaPad 3», але мае іншы набор і парадак партоў на тарцах, а раскладка клавіятуры на ім больш характэрная для ноўтбукаў «Acer» ці «Asus». Таксама не знайшлося вонкава падобных ноўтбукаў з дакладна такімі характарыстыкамі. Што не выключае таго, што гатовы ноўтбук маглі замовіць у «Lenovo», але папрасіць унесці пэўныя змены.

Ці нармальная цана?

Аналагічны паводле характарыстык і вельмі падобны візуальна да «H-book 14 МАК4 T32E3W» (але больш лёгкі і тонкі) кітайскі ноўтбук «Infinix Inbook XL23 T109859» прадаецца ў Беларусі па цане ад 1513 рублёў.

Але гэта даволі танны «безыменны» брэнд. Ноўтбукі з аналагічнымі характарыстыкамі ад «HP» каштуюць у Беларусі 1986 рублёў, ад «Acer» – 2099, ад «Asus» – 2199.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў