Футбольны чэмпіянат Беларусі масава пакідаюць легіянеры, некаторыя – праз палітыку


Чэмпіянат Беларусі страціў ужо больш за 30 замежнікаў, збольшага з эканамічных прычынаў, але ёсць і тыя, хто больш не хоча гуляць пры дыктатуры. А беларускі футбол вяртаецца на 30 гадоў назад, у 1990-ыя.

Украінец Беленькі: У Беларусі добры чэмпіянат, але прычына, праз якую я пастанавіў з’ехаць, – палітыка

Адзін з такіх яскравых прыкладаў – украінец Станіслаў Беленькі. 23-гадовы форвард год правёў у берасцейскім «Дынама», забіў 13 галоў і стаў яго найлепшым бамбардзірам. Бачыць гульца ў Берасці хацелі і далей, нават прапанавалі новы кантракт. Але футбаліст адмовіўся і перайшоў у тбіліскае «Дынама». Свой выбар у інтэрвʼю ўкраінскаму сайту патлумачыў так:

«Запазычанасці ў заробках ёсць, але іх абяцаюць пагасіць, мяркую, усё будзе ў парадку. У Беларусі добры чэмпіянат, але прычына, праз якую я пастанавіў зʼехаць, – палітыка».

Hавiны
У лідараў беларускага футболу – праблемы з грашыма, яшчэ год таму так не было
2021.12.11 17:06

Берасцейскае «Дынама» – цікавы клуб, яшчэ год таму ён фінансаваўся Аляксандрам Зайцавым, але ў пачатку года той адмовіўся ад каманды на карысць іншага праекту – «Рух», а «Дынама» перайшло на баланс гораду, склад каманды стаў значна сціплейшы, а таксама ўзніклі праблемы з выплатамі заробкаў і прэміяльных, што цягнуліся ўвесь год і не развязаныя да сёння. Але ў гэтай гісторыі ёсць цікавы момант: улетку на гульцоў і трэнерскі штаб сталі ціснуць, каб падпісалі праўладны ліст. Трэнерскі штаб адмовіўся, але знайшліся гульцы, якія гэта зрабілі: Васіль Журневіч, Уладзіслаў Ясюкевіч, Сяргей Усеня, Павел Сядзько. У выніку гульцы «Дынама» Віталь Гайдучык і Дзмітрый Байдук палічылі немагчымым выступаць разам тымі, хто падтрымаў беззаконне і гвалт, ды сышлі з каманды.

На гэты момант «Дынама» страціла некалькі сваіх лідараў: акрамя Беленькага, гэта асноўны галкіпер Сцяпанаў і абаронца Афі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларуская прэмʼер ліга. Берасцейскае «Дынама» гуляе супраць «Іслачы». 12 красавіка 2020 г.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Як у 1990-ыя: з Беларусі едуць у Ізраіль

Іншы берасцейскі клуб – «Рух» – пакуль таксама страчвае. Каманду пакінулі беларус Пячэнін, камерунец Кікі і бразілец Ўільям. Цікавы момант: паўтараецца гісторыя 1990-х, калі з беларускага чэмпіянату футбалісты ехалі ў Ізраіль. Акрамя Кікі, так ужо зрабілі славак Сёке з салігорскага «Шахцёра» і нігерыец Альфрэд са «Слуцку». І гэта толькі пачатак. Пакідае чэмпіянат і яго найлепшы бамбардзір Дэмба Дарбо: яго ўзімку «Шахцёр» купіў амаль за мільён долараў, але цяпер не можа плаціць высокіх заробкаў. А менскае «Дынама» пакідае таксама яго лідар Андрэй Бацула. Беларускія клубы ў наступным сезоне проста не здолеюць плаціць тых грошай, на якія ў нашай краіне спадзяваліся легіянеры. Фактычна кожная беларуская каманда страціла найлепшых сваіх замежнікаў. На сёння гэта ўжо больш за 30 футбалістаў. Пры гэтым замежнікі, у адрозненне ад беларусаў, кажуць усё, што думаюць, пра сітуацыю ў Беларусі. Напрыклад, 24-гадовы грузін Гіёргі Кантарыя.

Гіёргі Кантарыя: Тое, што адбываецца ў Беларусі, – гэта дзікі трэш!

Ён прыехаў у Беларусь у 19 гадоў, правёў у гарадзенскім «Нёмне» 5 гадоў і ў інтэрвʼю распавёў, як змянілася стаўленне да Лукашэнка ў Грузіі:

«Грузіны так ставіліся да Лукашэнкі, бо ён не прызнаў Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі, падтрымаў Грузію, калі Расея ўвяла супраць краіны санкцыі. А для нас гэта вельмі важна. Але гэта было тады. Цяпер імідж Лукашэнкі змяніўся. Грузіны, прынамсі тыя, з кім я маю стасункі, глядзяць на яго ўжо зусім па-іншаму, інакш. Людзі проста не могуць зразумець, чаму ў Беларусі адбываецца тое, што мы назіраем. Моладзь хоча пераменаў, справядлівасці, але ў Беларусі дабіцца гэтага вельмі цяжка. Як можна так ставіцца да свайго народу? У Грузіі таксама бачылі тое, што рабілася пасля выбараў, як затрымлівалі людзей. Я на свае вочы бачыў гэта ў Горадні. Дзікі трэш, жах! Беларусы хочуць пераменаў, і гэта зразумела. Вырасла новае пакаленне, але 26 гадоў ва ўладзе стаіць адзін чалавек, пры гэтым палітыка не паляпшаецца, эканоміка не расце. Людзі ж, асабліва маладыя беларусы, бачаць, як жывуць у Еўропе, якая там інфраструктура, якая палітыка. Час мяняецца, народ Беларусі хоча адпавядаць тэндэнцыям. Я думаў, што ў 2020 годзе ў Беларусі адбудуцца перамены, але… Мне здаецца, што калі сёння не ўдалося нешта памяняць, то гэта не значыць, што пераменаў не будзе. Незаменных людзей няма. Беларусь – цудоўная краіна, тут выдатны народ. І ён здольны дабіцца сваёй мэты. Таму магу пажадаць вам толькі поспеху і ўсяго добрага».

Пакуль у футбаліста няма новага клубу, але гуляць ва ўмовах дыктатуры ён больш не хоча.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларуская прэмʼер ліга. Берасцейскае «Дынама» гуляе супраць «Іслачы». На фота Годфры Стывен (у сярэдзіне) і Момо Янсан (справа). 12 красавіка 2020 г.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Аляксандр Апейкін: Мы вяртаемся ў 1990-ыя

Усё ў беларускім футболе ідзе да таго стану, які ў кастрычніку ў інтэрвʼю «Белсату» прадказваў Аляксандр Апейкін.

«Футбол Беларусі імкліва набліжаецца да аматарскага. Гэта вынік кіравання Базанава і ўсяго кіраўніцтва БФФ за апошнія гады. Нам усім потым яшчэ доўга давядзецца выпраўляць памылкі спартовых чыноўнікаў эпохі позняга лукашызму. На спорт ужо не стае грошай. Разам з эканамічным абвалам нам трэба перажыць і значны заняпад айчыннага спорту, літаральна як у 1990-ыя. Мы ўжо амаль наблізіліся да гэтага стану ў выніках. Але гэта заканамерны этап. Так канчаюцца ўсе дыктатуры ды іх праекты», – адзначае выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

Інтэрв’ю
«Беларусь уцягваецца ў архаіку.». Гендырэктар «Tribuna Digital» пра перспектывы беларускага спорту
2021.12.04 12:36

АС belsat.eu

Стужка навінаў