У Беларусь хацелі кантрабандай завезці амаль 400 кг італьянскага сыру пармезан


Берасцейскія мытнікі не пусцілі ў Беларусь італьянскі сыр на 100 тысяч рублёў. Груз накіроўваўся ў Расею, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт.

У Беларусь хацелі кантрабандай завезці амаль 400 кг італьянскага сыру пармезан. Крыніца: Таможенные органы Беларуси / Telegram

У мікрааўтобусе PEUGEOT, якім кіраваў 33-гадовы грамадзянін Беларусі, было схавана каля 385 кг італьянскага сыру, а ён заявіў мытні, што едзе паражняком.

«З канструктыўных паражнін транспартнага сродку і спецыяльна вырабленых схованак вынята 96 каробак сыру гандлёвай маркі Parmigiano Reggiano Gran Duca 30 mesi», – гаворыцца ў паведамленні беларускай мытні.

Адзначаецца, што прадукцыю перамяшчалі праз мяжу шляхам драбнення – «на сумежным баку сыр раздавалі дробнымі партыямі грамадзянам, якія ўвозілі яго як тавар для асабістага карыстання».

Устаноўлены і аштрафаваны арганізатар схемы. Па рашэнні суду, увесь сыр канфіскаваны, а 39-гадовы беларус заплаціць штраф у памеры 20 б.в. (740 рублёў).

СП, belsat.eu

Стужка навінаў