Станіслаў Паўлінковіч прайшоў праз усе пякельныя колы беларускай турэмнай сістэмы: Акрэсціна, «хімія» ў Крупках, наваполацкая калонія № 1, ШІЗА на зоне. Па вызваленні з калоніі ў кастрычніку 2022 года быў вымушаны выехаць з Беларусі, бо пасля турмы яго ніхто не браў на працу – не было на што жыць.
Але і на чужыне, як сцвярджае, дапамогі ад беларускіх арганізацыяў пакуль што не атрымаў. У прамым эфіры студыі «Белсату» Паўлінковіч заявіў, што былыя палітвязні, якія з’язджаюць у іншыя краіны, застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі.
«Тут на жаль не дапамагае ніхто. І дзякуй фонду BYSOL, які дазволіў мне адкрыць персанальны збор. І дзякуй вялікі людзям, якія аказалі праз гэты збор мне дапамогу. А астатнія арганізацыі… Я куды толькі ні звяртаўся – ніхто не дапамагае. То бок большасць палітвязняў, якія выязджаюць у Польшчу, Літву ці іншую краіну, застаецца сам-насам са сваімі праблемамі. Ніхто ім ніяк не дапамагае», – сказаў былы палітвязень Станіслаў Паўлінковіч.
Як распавёў Паўлінковіч, на мітынгу ў Варшаве ён звяртаўся з пытаннем пра «практычную дапамогу палітвязням» да прадстаўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету Паўла Латушкі. Палітык, па ягоных словах, даў яму тэлефон, куды трэба звярнуцца па дапамогу.
«Але калі я пазваніў, то жанчына мяне перанакіравала ў іншае месца. Там – яшчэ ў адно. І гэтак далей. І атрымалася замкнутае кола», – наракае былы палітвязень.
Станіслаў Паўлінковіч выйшаў на волю з наваполацкай калоніі 24 кастрычніка 2022 года. Кажа, што першы час па вызваленні жыў у Беларусі на «невялікія ашчаджэнні», якія меў. Потым, як былы палітвязень, атрымаў 300 еўра ад фонду BYSOL. Калі грошы скончыліся, «не памерці з голаду дапамагалі сябры». На працу Паўлінковіча не бралі, бо – судзімы.
«Я практычна адразу звярнуўся ў Цэнтр занятасці, яны давалі накіраванні. І калі прыходзіў з імі ў арганізацыі – там наўпрост адмаўлялі. Прычына: ёсць судзімасць. Не толькі дзяржаўныя арганізацыі, прыватнікі таксама адмаўлялі. Нідзе мяне не хацелі браць. Нават у ЖРЭУ сантэхнікам з заробкам 550 рублёў адмовілі. Патлумачылі «пэўнымі абставінамі», так бы мовіць, і ўсё», – расказаў Станіслаў Паўлінковіч.
Дадае, што ў міліцыі, куды вымушаны быў штотыдзень хадзіць на гутаркі, моцна ціснулі на тое, каб як хутчэй уладкоўваўся на працу.
«І сказалі, што на дзяржаўныя прадпрыемствы дарога мне закрытая. Я пытаюся: якім чынам мне тады жыць і на якія грошы? А яны: «Нас гэта не хвалюе», – успамінае Паўлінковіч.
Менавіта немагчымасць знайсці працу ў Беларусі і падштурхнула былога палітвязня да эміграцыі.
«Пасля вызвалення прайшло больш за 8 месяцаў. Хацеў спачатку троху адпачыць і зрабіць аперацыю, бо ў снежні 2020 года быў цяжкі пералом нагі, які атрымаў на працы. Аперацыю планаваў калі сядзеў на «хіміі», думаў, што праз год зраблю. Але ж не атрымалася, таму што 15 лютага 2022 года мяне затрымалі супрацоўнікі КГБ і потым пачаліся прыгоды: пракаталі на сутках, а пасля змянілі рэжым утрымання на пазбаўленне волі. І таму аперацыю зрабіў ужо толькі па вызваленні з калоніі», – гаворыць суразмоўца «Белсату».
Самым жудасным месцам беларускай турэмнай сістэмы, дзе пабываў, Станіслаў Паўлінковіч лічыць не папраўчую калонію ў Наваполацку, якую адзін з былых палітвязняў называў «камбінатам па перапрацоўцы чалавечыны», а ізалятар на Акрэсціна. Туды ён трапіў пасля візіту на «хімію» супрацоўнікаў КГБ, якія затрымалі Станіслава па крымінальнай справе, заведзенай на ўдзельнікаў чату «Валейбол па выходных» («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання»).
«Самае жудаснае – Акрэсціна. Горш чым там – няма нідзе ў Беларусі… Перапоўненыя камеры, адсутнасць бялізны і матрацаў, ежа кепская і яе мала, пастаянныя начныя праверкі – падымалі па два ці тры разы. Ніякіх перадач. І цыгарэт не было.
Нават лекі не заўжды перадавалі. Яшчэ стаўленне супрацоўнікаў на Акрэсціна – на ўзроўні дваравой гапаты. Мне пашчасціла: ні на Акрэсціна ні ў іншых месцах мяне не білі», – прызнаецца Станіслаў Паўлінковіч.
Станіслаў Паўлінковіч з Магілёву, мае 34 гады, працаваў на металургічным заводзе. Быў затрыманы ў траўні 2020 года. У кастрычніку 2020-га яго асудзілі на тры гады «хіміі» за абразу суддзі (арт. 391 КК). Адбываў «хімію» ў Крупках, у ПУАТ № 39. 15 лютага 2022 года быў затрыманы супрацоўнікамі КГБ па крымінальнай справе. У красавіку 2022 года яму прысудзілі пяць з паловай месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Адбываў тэрмін у ПК-1 у Наваполацку. Выйшаў на волю 24 кастрычніка 2022 года. У 2023 годзе выехаў у Польшчу. Працуе на паштовым складзе пад Варшавай.