Ва Украіне пабудуюць 20 новых ядравых энергаблокаў


Ва Украіне пабудуюць каля 20 новых энергаблокаў на базе малых модульных рэактараў. Пра гэта паведамляе ўкраінскі «Енергоатом».

Пятро Коцін з падпісанай дамовай.
Фота: «Енергоатом» / Facebook / energoatom.ua

22 красавіка стала вядома пра дамову ўкраінскага дзяржпрадпрыемства «Енергоатом» і амерыканскай кампаніі «Holtec International» пабудаваць ва Украіне да 20 атамных энергаблокаў з рэактарамі SMR-160. Падчас сеансу відэасувязі прэзідэнт «Енергоатому» Пятро Коцін і прэзідэнт ды выканаўчы дырэктар амерыканскай кампаніі Крыс Сінг заключылі пагадненне наконт супрацы ў разгортванні малых модульных рэактараў (ММР). Коцін падпісаў дамову ў Кіеве, а Сінг – у Кэмдэне, штат Нью-Джэрзі, ЗША.

На цырымоніі таксама прысутнічалі міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка і віцэ-прэзідэнт «Holtec International» у працы ва Украіне Рыяз Аўан.

Ідзецца пра выкарыстанне «легкаводнага рэактару пад ціскам SMR-160» магутнасцю 160 МВт, што выкарыстоўвае ў якасці паліва збеднены ўран і прыдатны для вытворчасці тэхналагічнага цяпла, патрэбнага для прамысловага выкарыстання і вытворчасці вадароду.

Пятро Коцін, Герман Галушчанка і Рыяз Аўан падчас перамоваў.
Фота: «Енергоатом» / Facebook / energoatom.ua

Паводле Коціна, збудаванне ва Украіне ММР будзе «спрыяць умацаванню энергетычнай бяспекі дзяржавы і дазволіць замяніць разбураныя расейскімі атакамі цеплаэнергетычныя магутнасці ды дасягнуць мэтаў дэкарбанізацыі».

У сваю чаргу, кіраўнік украінскага Міністэрства энергетыкі Герман Галушчанка адзначыў, што «Украіна мае значны кадравы патэнцыял для развіцця перадавых атамных тэхналогіяў і будзе прыкладаць максімум намаганняў, у прыватнасці, у супрацы і з амерыканскімі партнёрамі, для выцяснення з сусветнага рынку расейскай ядравай галіны. ММР – магутная тэхналогія, што таксама дазволіць нам дэцэнтралізаваць генерацыю».

Пагадненне прадугледжвае будаванне да 20 рэактараў SMR-160. Першы пілотны праект прадугледжвае выхад рэактару на мінімальную рэгуляваную магутнасць і падключэнне да сеткі да сакавіка 2029 года.

Адзначаецца, што праекты маюць патрэбу ў інвестыцыях. Для іх рэалізацыі і каардынацыі будзе створаны супольны праектны офіс, у якім будуць працаваць прадстаўнікі «Енергоатому», «Holtec International», Дзяржатамрэгулявання Украіны, ДНТЦ «ЯРБ», Міністэрства энергетыкі Украіны, кампаніяў «Mitsubishi», «Hyundai» і іншых.

Кіраўніцтва «Holtec International» на чале з Крысам Сінгам удзельнічала ў перамовах праз відэасувязь.
Фота: «Енергоатом» / Facebook / energoatom.ua

«Мы будзем стаяць плячо ў плячо з вамі, каб пабудаваць і ўвесці ў эксплуатацыю 20 рэактараў SMR-160 у рэкордна сціслыя тэрміны. Мы імкнёмся дапамагчы ўкраінскаму народу аднавіць яго энергетычную інфраструктуру, калі расейскіх агрэсараў выганяць з краіны», – сказаў на цырымоніі падпісання Крыс Сінг.

Паведамляецца, што паміж кампаніямі «Енергоатом» і «Holtec International» існуе 20-гадовы досвед супрацы. Амерыканская кампанія была падраднікам будавання цэнтралізаванага сховішча адпрацаванага ядравага паліва, уведзенага  ў эксплуатацыю ў красавіку 2022 года.

Мірон Маліна  belsat.eu

Стужка навінаў