Мінюст Беларусі пазбавіў ліцэнзіі яшчэ пяцёх адвакатаў


Атэстацыю адвакатаў правяла кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці, паведамляе прэс-служба Міністэрства юстыцыі Беларусі. Па выніках пяцёра адвакатаў засталіся без ліцэнзіі.

Міністэрства юстыцыі Беларусі.
Фота: Еўрарадыё

Падставай для правядзення пазачарговай атэстацыі сталі «факты неналежнага выканання адвакатам сваіх прафесійных абавязкаў, якія былі выяўленыя пры разглядзе скаргі грамадзяніна, а таксама ў ходзе правядзення праверкі дзейнасці адваката па выкананні заканадаўства аб адвакатуры», зазначае Мінюст.

Па выніках атэстацыі працягнуць працу ў якасці адвакатаў Ігар Важдаеў, Васіль Валожынц, Аляксандра Вераб’ёва, Эдзіта Перожак.

Не цалкам адпавядаюць патрабаванням заканадаўства адвакаты Наталля Гусарава, Дзмітрый Пятровіч, Іна Слобіна. Ім далі адтэрміноўку на атэстацыю на шэсць месяцаў пры ўмове выканання рэкамендацыяў кваліфікацыйнай камісіі, у тым ліку аб праходжанні падвышэння кваліфікацыі.

Hавiны
Мінюст патрабуе ад адвакатаў паведамляць пра звароты замежных грамадзянаў
2023.03.29 15:59

Прынятыя рашэнні аб магчымасці спынення ліцэнзіяў на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці ў дачыненні адвакатаў:

  • Аляксея Бародкі, Аляксандра Гурыновіча, Ігара Сцяпанава – у сувязі з прымяненнем да іх дысцыплінарных спагнанняў у выглядзе выключэння з абласных калегіяў адвакатаў (Менскай і Віцебскай) «за здзяйсненне правінаў, не сумясцімых са званнем адвакатам (учыненне дзеянняў, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру)»;
  • Інэсы Аленскай, Дзяніса Шарстнёва – «у сувязі з немагчымасцю выканання адвакатамі сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі, пацверджанай рашэннем Кваліфікацыйнай камісіі».

Інэса Аленская абараняла палітвязняў Сяргея Ціханоўскага, Насту Лойку, Рыгора Костусева. 24 сакавіка адвакатку судзілі па адміністратыўнай справе аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Hавiны
Адвакатку Інэсу Аленскую пазбавілі ліцэнзіі і судзілі
2023.03.24 20:25

З 2020 году больш за 50 адвакатаў у Беларусі былі пазбаўленыя ліцэнзіі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў