Палітзняволенага журналіста Алеся Любенчука пазбавілі спатканняў і перадачаў


Журналіста Алеся Любенчука ў магілёўскай калоніі № 15 пазбавілі пасылак, перадач і спатканняў, паведамляюць праваабаронцы. У кастрычніку мінулага года яго засудзілі на 3 гады зняволення.

Аляксандр Любянчук. Крыніца: novychas.online

Журналіста Алеся Любенчука затрымалі пасля ператрусу 26 траўня ў вёсцы Крывічы Іўеўскага раёну. Яму выставілі абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»). У Менскім гарсудзе 27 кастрычніка 2022 года журналіста прызналі вінаватым і асудзілі да 3 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прысуд вынесла суддзя Алена Ананіч.

Неўзабаве палітвязня перавялі з СІЗА-1 у жодзінскую следчую турму № 8, а пазней – у турму № 4 у Магілёве. На пачатку лютага яго накіравалі ў магілёўскую ПК № 15. Вядома, што ў няволі ў Любенчука пагоршылася здароўе.

Напрыканцы студзеня Вярхоўны Суд разгледзеў апеляцыйную скаргу Алеся, але прысуд быў пакінуты без зменаў.

На мінулым тыдні МУС уключыла журналіста ў «спіс экстрэмістаў».

Да 2020 года Любянчук працаваў журналістам, трапляў пад арышт за асвятленне акцыяў пратэсту пасля выбараў 2020 года. Але апошні час шмат займаўся дабрачыннасцю, дапамагаў дзецям-сіротам, арганізоўваў турыстычныя паходы і аднаўляў гістарычна-культурную спадчыну Наваградчыны.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў