МЗС Літвы: Стварэнне лініі абароны краінаў Балтыі – падрыхтоўка да вайны


Падрыхтоўкай да магчымай вайны назваў міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс пагадненне аб стварэнні агульнай балтыйскай лініі абароны на ўсходняй мяжы з Беларуссю і Расейскай Федэрацыяй, прынятае 19 студзеня на сумеснай сустрэчы міністраў абароны Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Скульптура на Кафедральным саборы і вежа Гедзіміна. Вільня, Літва.
Фота: Pxhere.com / CC0

Згодна з пагадненнем, на мяжы будзе прадугледжвацца будаўніцтва доўгатэрміновых умацаванняў, што дазволіць забяспечыць абарону з першых метраў тэрыторыяў краінаў Балтыі.

Габрыелюс Ландсбергіс назваў гэта «палітычным пасланнем» аб тым, што Літва, Латвія і Эстонія адчуваюць «набліжэнне вайны». На ягоную думку, «калі Расея не будзе спыненая ва Украіне, яна пойдзе далей. А далей будуць краіны Балтыі». Аб гэтым міністр замежных справаў заявіў журналістам перад пасяджэннем Рады замежных справаў Еўразвязу.

«Гэта не недавер, гэта – падрыхтоўка да таго, што можа адбыцца. І мы спадзяемся, што гэта стане дастатковым сігналам нашым сябрам і партнёрам у Еўропе, НАТО, што да гэтага варта адносіцца сур’ёзна», – сказаў Ландсбергіс.

Пры гэтым міністр падкрэсліў, што час на падрыхтоўку да магчымай агрэсіі вельмі абмежаваны, і гэты час зараз адваёўвае для краінаў Балтыі Украіна, «сваёй крывёй, сваімі жыццямі, усім, што ў яе ёсць. І мы не ведаем, колькі яшчэ часу яны змогуць нам выйграць», – сказаў міністр.

У пацвярджэнне таго, што ў Літве пачалі рабіць актыўныя захады па падрыхтоўцы да магчымай агрэсіі ў дачыненні да краінаў Балтыі з боку Расеі, стала вядома аб тым, што ў аўторак, 23 студзеня літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа склікае Дзяржаўную раду абароны.

Падчас пасяджэння Дзяржаўнай рады абароны ўдзельнікі пазнаёмяцца з ацэнкай стратэгічных пагрозаў, якую дадуць службы выведкі краіны, разглядзяць прынцыповую структуру сістэмы нацыянальнай абароны і ацэняць эканамічныя і фінансавыя альтэрнатывы набыткаў для пяхотнай дывізіі.

Паводле канстытуцыі Літвы, у Дзяржаўную раду абароны ўваходзяць прэзідэнт, прэм’ер-міністр, спікер Сейма, міністр абароны і камандуючы арміяй, у кампетэнцыі рады ўваходзіць разгляд і каардынацыя найбольш важных пытанняў дзяржаўнай абароны.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў