Для лячэння дзяўчынкі з Ліды сабралі неймаверную суму


Два гады сям’я з Ліды збірала грошы для таго, каб зрабіць сваёй дачушцы адзін укол. Гэта дазволіць Рыце Юшкевіч пайсці на папраўку: пры дыягназе спінальна-цяглічнай атрафіі другога тыпу, які паставілі дактары маленькай Рыце, можа дапамагчы ўкол «Zolgensma». Але каштуе ён больш за 1,8 млн долараў. І гэтую суму ўжо сабралі дзякуючы старанням шматлікіх неабыякавых людзей.

Рыта Юшкевіч, для якой збіраліся грошы на лячэнне.
Фота: rita2sma2 / Instagram

«Мы закрылі збор, мы закрылі з вамі збор. Мы два гады да гэтага ішлі. Я кажу гэтыя словы і яшчэ дасюль не веру, што гэта адбылося», – кажа мама Рыты, трымаючы на руках шчаслівую дачушку.

Людзі вельмі чулліва адгукаліся на гэтую гісторыю. Гэтак, толькі за 19 студзеня 2024 года было сабрана больш за 172 тыс. долараў. На той момант сабраная сума была роўнай 69 % ад неабходнай. І вось усяго за тры дні ўдалося сабраць рэшту – а гэта больш за 560 тыс. долараў.

Паводле маці Рыты, ейнай сям’і, у якой выхоўваюцца трое дзетак разам з Рытай, вельмі актыўна дапамагалі валанцёры. Пра ўсе этапы збору сродкаў жанчына пісала падрабязныя справаздачы ў сваім акаўнце «Instagram», і чытаць яго няпроста, бо ў ім часта пераплятаюцца пачуцці як моцнага адчаю ў сувязі з пагаршэннем здароўя дзяўчынкі, так і вялікай надзеі, якую давалі людзі, прысылаючы сваю дапамогу.

«У жыцці Рыты будзе толькі адзін дзень, шчаслівейшы за гэты, – калі яна атрымае «Золгенсму»! А сёння той самы дзень, да якога мы ішлі два гады! 21 студзеня – гэты дзень стане чырвоным у нашым сямейным календары! Крок за крокам, дзень за днём, праз месяцы і поры года мы разам ішлі да перамогі.

Кожны з вас – той самы чалавек, без якога гэты дзень бы не настаў! Вы – прыклад чалавечай дабрыні і спагадлівасці, аб’яднанасці і веры ў тое, што дабро заўсёды перамагае! Сёння вы маеце права сказаць усім: мы сабралі Рыце на ўкол жыцця! Нізкі паклон ад нашай сям’і», – напісала ў сваім акаўнце ў «Instagram» маці дзяўчынкі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў