Першы крок зроблены


У Менску вырашаўся лёс Украіны. Такія заявы гучалі падчас шматбаковых перамоваў у незвычайным фармаце «Мытны саюз – Еўразвяз – Украіна». У сталічным Палацы незалежнасці шляхі выйсця з крызісу ва Украіне абмяркоўвалі высокія прадстаўнікі ЕЗ, прэзідэнты Расеі, Украіны, Беларусі ды Казахстану.

{movie}Першы крок зроблены (26.08.14) |right|18095{/movie}

Камеры звярнулі ўвагу на поціск рук кіраўнікоў канфліктных краінаў, а назіральнікі на факт, што Пуцін абмінаў тэму вайны. Эксперты мяркуюць, што да сапраўдных перамоваў бакі яшчэ не гатовыя.

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:
«На сённяшні дзень Расея, займаючы невыразную, з аднаго боку, а з другога, нават крывадушніцкую пазіцыю, не вязе на гэтыя перамовы аніякіх станоўчых прапановаў».

Мала таго, кіраўнік Крамля пачаў палохаць Украіну, якая хоча спыніць не толькі вайсковую агрэсію з боку Крамля, але і эканамічную залежнасць ад Расеі. І тут, і там шукаючы дапамогі на Захадзе.

УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭЗІДЭНТ РАСЕІ:
«Расея ў гэтай сітуацыя проста не можа бяздзеяць. І мы проста будзем вымушаныя, я хачу гэта падкрэсліць, вымушаныя будзем прыняць адпаведныя захады, абараніць свой рынак».

І, карыстаючыся агульным фарматам сустрэчы, Уладзімір Пуцін выказваў прэтэнзіі нават да беларускага боку ў рээкспарце забароненых на ўвоз у Расею тавараў з Захаду.
Пятро Парашэнка казаў наўпрост пра тое, па што прыехаў у Менск.

ПЯТРО ПАРАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ УКРАІНЫ:
«Гэта мір. Мір на Данбасе, мір, які спыніць пакуты людзей, і мы з вамі разумеем, што сёння, апроч гандлёва-эканамічных пытанняў, апроч энергетычных, прыярытэтам для сустрэчы ў Менску будзе пытанне міру».

Галоўнаю ж умоваю для спынення канфлікту Парашэнка назваў спыненне паставак расейскага ўзбраення ва Украіну.

Прэзідэнт Украіны прапанаваў прыняць ягоны мірны план і кожнаму з бакоў «захаваць свой твар». І хутчэй за ўсё сказаў гэта невыпадкова.

ТАРАС БЕРАЗАВЕЦ, ПАЛІТЫЧНЫ ЭКСПЕРТ, УКРАІНА:
«Расея пайшла на гэтыя перамовы толькі для таго, каб захаваць свой твар. Украіна – каб спыніць кровапраліцце на ўсходзе краіны, а Еўразвяз на гэтыя перамовы прыйшоў таму, што вельмі шмат губляе прах уведзеныя санкцыі. Таму кожны бок мае свой асабісты парадак дня».

І калі меркаванні прагучалі, то застаецца адкрытым пытанне, а ці пачутыя яны іншымі бакамі? Праўда, застаецца адкрытым яшчэ адное пытанне: на чыім жа баку кіраўнікі Беларусі ды Казахстану, якія таксама бралі ўдзел у перамовах і выказалі зацікаўленасць перадусім у спыненні канфлікту.

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:
«Калі ж яны выступяць супраць Расеі ды падтрымаюць Украіну – гэта паставіць пад пытальнік Мытны саюз. І ўзнікне неабходнасць перагляду парадку на постсавецкай прасторы».

І пазіцыя, якая кардынальна супярэчыць пазіцыі Крамля, прагучала. Мала таго, што Нурсултан Назарбаеў настойліва казаў пра неадкладнае спыненне вайны і заклікаў да ўзаемных саступак, прэзідэнт Казахстану заявіў, што аніякім чынам падпісанае пагадненне аб асацыяцыі Украіны з ЕЗ ягонай дзяржаве не перашкаджае. Але звычайна гаваркі Аляксандр Лукашэнка з гучнымі заявамі сёння ўстрымаўся…

Сяргей Скулавец, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў