Патрыярх Кірыл паскардзіўся ў ААН на ўніятаў, якія ваююць ва Украіне


Кіраўнік Расейскай Праваслаўнай Царквы патрыярх Кірыл напісаў ліст у Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў, Раду Еўропы і АБСЕ. У ім ён просіць абараніць праваслаўных хрысціянаў ва Украіне ад «раскольнікаў» і «ўніятаў» – гэтак кіраўнік РПЦ называе грэка-каталікоў і праваслаўных вернікаў Кіеўскага патрыярхату.

«Свяцейшы Патрыярх данёс да высокіх адрасатаў заклапочанасць Расейскай Праваслаўнай Царквы спробамі ўніятаў і раскольнікаў нанесці шкоду кананічнаму Праваслаўю ва Украіне, карыстаючыся цяжкой сітуацыяй, якая склалася ў выніку ваенных дзеянняў на паўднёвым усходзе краіны», – падае сайт Расейскай Праваслаўнай Царквы.

Патрыярх Кірыл кажа пра «шматразовыя выпадкі парушэння правоў духавенства і вернікаў Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага патрыярхату».

Кіраўнік РПЦ заклікаў міжнародныя арганізацыі выступіць у абарону праваслаўных Маскоўскага патрыярхату, нагадваючы, што гэта канфесія – самая шматлікая ва Украіне. Патрыярх сцвярджае, што Украінская Праваслаўная Царква Маскоўскага патрыярхату – незаангажаваная палітычна, аднак яе святары ўвесь час пакутуюць ад узброенага канфлікту ва Украіне.

МЯ, belsat.eu, паводле credo-ua.org

Стужка навінаў