У Фінляндыі святкуюць 100-годдзе стваральніцы Мумi-троляў


Адной з найбольш паспяховых і знакамітых пісьменніцаў Фінляндыі Тувэ Янсан, якая прыдумала вядомых на ўвесь свет казачных персанажаў Мумі-троляў, споўнілася б 9 жніўня 2014 года 100 гадоў.



Тувэ Янсан пісала на шведскай мове, якая мае статус афіцыйнай у Фінляндыі і на якой размаўляе каля 6% насельніцтва. Кнігі пісьменніцы перакладзеныя на 45 моў свету, а іх персанажы сталі героямі шматлікіх мультфільмаў і тэлепраграмаў. Па-беларуску выйшлі асобныя аповесці Тувэ Янсан у перакладах Насты Лабады і Алесі Башарымавай.



Янсан асабіста ілюстравала свае кнігі і адаптавала іх для тэатру – ейнаму пяру належыць п’еса «Мумi-тролі за кулісамі» і лібрэта да мюзікла «Мумi-опера».

Янсан – аўтарка таксама мноства іншых аповесцяў і раманаў, сярод якіх «Летняя кніга» і «Сумленны падман».

На рахунку Тувэ як ілюстратаркі – дзесяткі вокладак для часопісаў, рэкламныя шыльды і паштоўкі.

Пісьменніца цягам шматлікіх гадоў называла сябе праціўніцай інстытуту шлюбу, якая не мае дзяцей паводле філасофскіх перакананняў, і толькі ў 90-я гады мінулага стагоддзя яна афіцыйна прызнала, што з 1955 года жыла з іншаю фінскай мастачкаю Туўлікі Піетыля.



Памерла Тувэ Янсан ў 2001 годзе ва ўзросце 87 гадоў.

МЯ, belsat.eu, паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў