Еўропа – міжвольны «спонсар» тэрарыстаў


Тэрарыстычная арганізацыя “Аль-Каіда” за апошнія шэсць гадоў атрымала з еўрапейскіх арганізацыяў і прыватных асобаў каля 125 мільёнаў долараў у якасці выкупу за закладнікаў. З іх толькі сёлета – 66 мільёнаў. На гэтыя грошы фінансуецца навучанне баевікоў і прыхільнікаў арганізацыі па ўсім свеце. Такія звесткі публікуе на сваіх старонках амерыканскае выданне “The New York Times”.

Раней прадстаўнікі тэрарыстычнай групоўкі, якая нясе адказнасць за шматлікія тэракты па ўсім свеце, у тым ліку 11 верасня 2001 года, сцвярджалі, што атрымліваюць грошы ад заможных дарыльнікаў. Аднак пазней, дзякуючы рассакрэчванню ўнутранай дакументацыі “Аль-Каіды”, стала вядома, што фінансаванне навучання і ўзбраення прыхільнікаў арганізацыі ідзе ў значнай ступені і за грошы ад выкупу за вызваленне еўрапейскіх закладнікаў.

{movie}Еўропа – міжвольны спонсар тэрарыстаў |right|17776{/movie}

Пэтэр Стана, прэсс-Сакратар еўракамісара Штэфана Фюле:
“Гэта няпраўда, што Еўрапейскі Звяз спансуе тэрарызм. Мы не спансуем тэрарызму, мы змагаемся з ім. Краіны ЕЗ робяць усё, што яны могуць, для барацьбы з тэрарызмам”.

А “Нью-Ёрк Таймз” цытуе намесніка сакратара мінфіну ЗША Дэйвіда Коэна (David Cohen), які адзначае, што “выкраданні дзеля выкупу сталі на сённяшні дзень галоўнаю крыніцаю фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці. Кожная новая ўгода спрыяе з’яўленню наступнай”. З гадамі расце і сума выкупу. Калі ў 2003 годзе выкрадальнікі атрымлівалі каля 200 тысяч долараў за закладніка, то цяпер кошт можа ўзрасці да некалькіх мільёнаў.

І ўсё гэта адбываецца на фоне таго, што прадстаўнікі еўрапейскіх урадаў, у тым ліку Аўстрыі, Францыі, Нямеччыны, Італіі ды Швейцарыі неаднаразова заяўлялі пра тое, што не плоцяць аніякіх выкупаў тэрарыстам за закладнікаў. Але 125 мільёнаў не ўзяліся ніадкуль! Хтосьці іх заплаціў. І, наўрад ці выключна сваякі закладнікаў.

Алесь Сіліч, “Белсат”, Брусель

Глядзі таксама
Каментары