Наталля Дабрадзеравец, якая раней працавала начальніцай медычнай часткі ў шклоўскай калоніі ў званні маёра, цяпер працуе намесніцай начальніка па лячэбна-прафілактычнай частцы ў ЛПП №7 у Магілёве ў званні падпалкоўніка. Пра гэта паведамляе «Зеркало» са спасылкай на крыніцу, знаёмую з сітуацыяй.
«Гэта ні з чым не звязана, яна проста пайшла на павышэнне… Яна добры чалавек, сумленны. І спецыяліст талковы. Такія вось абставіны склаліся там», – сказала крыніца выданню «Зеркало» пра новую пасаду Наталлі Дабрадзеравец.
Нагадаем, што ў траўні 2021 года ў шклоўскай калоніі №17 памёр палітвязень Вітольд Ашурак. Наталля тады працавала там начальнікам медчасткі ў званні маёра.
На мінулым тыдні паведамлялася, што Дабрадзеравец звольнілася з калоніі ў траўні.
«Сітуацыя становіцца настолькі складанай, што нам з Сяргеем, хутчэй за ўсё, давядзецца звольніцца. Па сутнасці, адбылася сапраўдная недарэчнасць, аднак гэтая сітуацыя можа пагражаць мне поўным п*******, калі я застануся… У нас якраз ідзе праверка па гэтым палітвязні, і я вельмі спадзяюся, што ўсё ў выніку атрымаецца загладзіць», – так, паводле «Альянсу расследавальнікаў», распавядала па тэлефоне ў 2021 годзе сама Дабрадзярэвец. Гэтую размову журналісты апублікавалі ў траўні.
Па інфармацыі «Нашай Нівы» муж Наталлі – Сяргей Карчэўскі – працягвае працаваць начальнікам рэжымнай часткі ў Шклоўскай калоніі.
Алена Рувіна belsat.eu