Польшча аднавіла транзіт сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны


Польшча 21 красавіка разблакавала транзіт сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны. Пра гэта паведамляе польская радыёстанцыя RMF FM. Дамоўленасці дасягнутыя і з іншымі краінамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АЗ / Белсат

Першыя транспартавыя сродкі з крупамі, кукурузай і яйкамі з Украіны павінны перасекчы пункт пропуску «Дарогуск» у Люблінскім ваяводстве і скіравацца ў Нямеччыну і Нідэрланды. Транзіт павінен заканчвацца ў партах Гданьску, Гдыні, Сьвінауйсьця ці Шчэціна або за межамі Польшчы.

Працэдура транзіту гарантуе, што транзітныя дэкларацыі, зробленыя на ўкраінска-польскай мяжы, нельга змяніць на тэрыторыі Польшчы. То бок прадукты не будуць прадаваць на польскім рынку. А транспартавыя сродкі, якія іх перавозяць, будуць апламбаваныя, іх маршрут будуць адсочваць.

Таксама ў Міністэрстве аграрнай палітыкі і харчавання Украіны паведамілі, што транзіт украінскага збожжа праз Вугоршчыну будзе ісці бесперашкодна.

«Вугорскі міністр запэўніў у тым, што транзіт праз іх краіну будзе рухацца хутка, аператыўна і бесперашкодна», – гаворыцца ў паведамленні.

Апроч таго, Румынія паабяцала не забараняць імпарту ўкраінскага збожжа і пачакаць, пакуль Еўрапейская камісія прыме захады для дапамогі фермерам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, заявіў міністр сельскай гаспадаркі Пэтрэ Дая, піша «Reuters».

Аналітыка
Суседзі Украіны забаранілі імпарт украінскага збожжа. Хто вінаваты і як развязаць праблему
2023.04.18 17:16

Пасля поўнамаштабнага расейскага ўварвання традыцыйныя маршруты экспарту ўкраінскага збожжа ў трэція краіны праз чарнаморскія парты былі заблакаваныя. У выніку транзітныя шляхі пралеглі праз суседнія краіны Еўразвязу. Аднак не ўсё ўкраінскае збожжа даходзіла да адрасата, яго як больш таннае пачалі купляць мясцовыя кампаніі. У выніку фермеры з суседніх з Украінай дзяржаваў пачалі ладзіць акцыі пратэсту супраць транзіту ўкраінскай сельскагаспадарчай прадукцыі, заяўляючы пра страты, якія яны нясуць праз гэта.

15 красавіка Польшча забараніла імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны, каб абараніць польскі аграрны сектар. Пад забарону трапілі збожжа, цукар, гародніна і садавіна, хмель, малако, яйкі, мяса і іншае. Старшыня кіроўнай партыі «Закон і справядлівасць» Ярослаў Качыньскі заявіў, што Польшча застаецца «нязменным сябрам і саюзнікам Украіны», але мусіць «абараняць інтарэсы ўласных грамадзянаў».

Услед за Польшчай аналагічнае рашэнне прыняла Вугоршчына, заблакаваўшы імпарт украінскага збожжа, алейных культураў і некаторых іншых прадуктаў.

Таксама і Славаччына спачатку 13 красавіка забараніла перапрацоўванне збожжа з Украіны і продаж прадукцыі з яго на ўнутраным рынку, а 17 красавіка наагул прыпыніла імпарт украінскага збожжа і іншых прадуктаў. 19 красавіка свае абмежаванні ўвяла Балгарыя.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў