На чыіх руках кроў дзяцей?

Крыху больш за месяц таму ў Воршы здарылася трагедыя: маці забіла чацвёра дзяцей. Жанчына спрабавала ўчыніць самагубства. Трапіла ў шпіталь, дзе памерла. Пасля здарэння я казаў у нашым эфіры, што ўсё павесілі на маці, абазвалі вар’яткай, тады як несці адказнасць мусілі б і сацыяльныя службы, якія вялі правяранні дзеля птушачкі. Бо гэта і на іхных руках кроў гэтых дзяцей. Мяне пачулі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: orda.kz

Не так даўно стала вядома, што ў Воршы ўсё ж паляцелі галовы двух чыноўнікаў. Гэта Андрэй Загурскі, начальнік аддзелу адукацыі з 15-гадовым стажам. А таксама – намеснік старшыні выканкаму Віктар Калачоў. Былі, служылі, а сёння нават след іхны цяжка знайсці. На старонцы райвыканкаму ўсё падчысцілі так, нібыта чыноўнікаў і не існавала. Сталіся пустым месцам. У прынцыпе, кім і былі ў гісторыі. Сістэма паказвае вельмі ясна: у топку сваю з лёгкасцю кіне любога.

Ну, а калі ўжо ты на кручку і дзявацца няма куды, а жыць багата, як раней, вельмі хочацца – то цябе, магчыма, сістэма памілуе і, як старую шафу, перасуне з аднаго памяшкання ў іншае. Ужо стала вядома, што Віктар Калачоў знайшоў новую працу: у Аршанскім механічна-эканамічным каледжы. Цікава, на якую пасаду – вартаўніка ці качагара? Ці ўсё ж знайшлося цяплейшае і сыцейшае месца?

З такімі пераскокамі мы звыкліся: спачатку чыноўніка здымаюць, крычыць на тэлебачанні Лукашэнка, часам нават судзяць, а потым ужо не так гучна даюць новую пасаду. І народзец, як кажа ўзурпатар, задаволены, і служкі не надта пацярпелі.

Каб такіх чыноўніцкіх ахвяраў было яшчэ меней, ноу-хау прапанавала лукашэнкаўская Генпракуратура. Караць больш жорстка маюць бацькоў, якія не выконваюць выхаваўчых абавязкаў. Раман Сідарэнка, старэйшы пракурор аддзелу нагляду за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генпракуратуры Беларусі заявіў:

«Трэба больш жорстка падыходзіць у пытаннях адказнасці бацькоў. Бо мы цяпер кажам: пасадзім у турму службовых асобаў, якія ў Воршы дапусцілі такі факт. Пасадзім у турму там, якія ў Слуцку недагледзелі. А што з бацькамі?».

З памерлай маці ў Воршы ўжо не маеце чаго ўзяць – вось хоць знайшлі чыноўнікаў вінаватых. Кажаце, пасадзіце ў турму? Ну, пабачым, на колькі і каго. Кажаце, што ў Слуцку нечага не дагледзелі? Дык я вам нагадаю, чаго. І ці толькі гэтак званыя бацькі (бо забойцы) там вінаватыя…

Аляксандр і Анастасія Таратуты са Слуцку больш за год таму забілі свайго трохгадовага сына з асаблівай жорсткасцю.  Вядома, што збіццё дзіцяці адбывалася рэгулярна. Васьмімесячны хлопчык да гэтага трапляў у рэанімацыю, сям’ю называлі сацыяльна небяспечнай. Дык дзе былі чыноўнікі і службы? Вы ж увесь час крычыце пра сацыяльна арыентаваную дзяржаву, у якой нібыта ўсё для чалавека і сем’яў з дзецьмі.

У Генпракуратуры  кажуць, што думаюць над крымінальнай адказнасцю для бацькоў, калі дзіця пацярпела праз недагляд. То бок, як не круці, вінаватыя будуць бацькі, нават калі не вінаватыя. Раман Сідарэнка тлумачыў:

«Мы ўзмацняем адміністратыўную адказнасць бацькоў, калі дзіця ў выніку недагляду, неадпаведнага выканання абавязкаў у выхаванні ці ўтрыманні здзейсніла правапарушэнне ці атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні або загінула».

Тут я скажу так: добра, адказнасць мусіць быць – і бацькоў-катаў, і чыноўнікаў, і адпаведных службаў. Аднак, можа, варта працаваць не выключна над пакараннямі, а і над тым, як запабегчы трагедыі, як не давесці да страты дзіцячага жыцця? Ці думаеце вы пра гэта, непаважаныя пракуроры? Бо ніякія пакаранні і тэрміны не вернуць галоўнага – здароўя і жыцця дзіцяці.

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў