BYPOL: «забітым» у Горадні замежнікам аказаўся супрацоўнік КДБ Беларусі Аляксей Захараў


BYPOL сцвярджае, што гісторыя з забітым у Горадні замежнікам, які рыхтаваў тэракт – пастаноўка беларускіх сілавікоў. Байполаўцы змаглі раскрыць сапраўднае імя «тэрарыста» і ягонае месца службы.

BYPOL раскрыў інсцэніроўку тэракту, якую зладзіў КДБ. Забітага замежніка-тэрарыста сыграў супрацоўнік КДБ Захараў Аляксей Мікалаевіч.
Фота: BYPOL/Telegram

19 сакавіка 2023 года КДБ Беларусі на сваім афіцыйным сайце размясціў інфармацыю аб тым, што ў ходзе правядзення спецыяльных мерапрыемстваў па спыненні дзейнасці асобаў, якія праніклі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з мэтай здзяйснення тэрарыстычнай акцыі, у Горадні на вуліцы Курчатава быў «ліквідаваны замежны грамадзянін».

21 сакавіка праўладныя медыі распаўсюдзілі фота- і відэаматэрыялы, на якіх бачны момант назірання за нібыта грамадзянінам РФ Ламакіным Аляксеем Мікалаевічам 1981 года нараджэння, а таксама кадры штурму ягонага месца жыхарства і фотаздымак ягонага пашпарта. Аднак было адзначана, што пашпарт – падробка. BYPOL кажа, што гэта адзіная праўда, якую за гэтыя дні сказалі сілавікі.

Каментар
«Падмацоўваюць тэзы прапаганды»: у справе «гарадзенскага тэрарыста» з’явіліся «збеглыя»
2023.03.21 17:07

Падчас правядзення праверкі BYPOL атрымаў ад удзельнікаў плану «Перамога» інфармацыю аб тым, што ніякага тэрарыста ўвогуле не існавала, а мерапрыемствы з боку КДБ – пастаноўка. Чалавекам жа, які нібыта прымяніў баявую гранату і загінуў падчас штурму аказаўся супрацоўнік КДБ Захараў Аляксей Мікалаевіч, які нарадзіўся 18 красавіка 1981 года ў г.Гарадок Віцебскай вобласці і цяпер праходзіць службу ў аператыўна-пошукавым аддзеле УКДБ па Віцебскай вобласці (служба вонкавага назірання). Па сутнасці, у пастаноўцы штурму ён быў акторам.

BYPOL сцвярджае, што ўся гэтая інсцэніроўка была праведзеная напярэдадні Дня волі 25 сакавіка з мэтай застрашвання беларусаў, а таксама падняцця аўтарытэту КДБ у вачах Лукашэнкі.

Кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў распавёў у Студыі Белсат, як была выкрытая пастаноўка.

«Калі з’явілася навіна, мы сталі ўважліва разглядаць гэтую сітуацыю і заўважылі, што там шмат супярэчнасцяў, і выглядаюць яны як пастаноўка. Потым мы атрымалі інфармацыю ад удзельнікаў плану «Перамога», якія паведамілі, што гэта – дзейны супрацоўнік КДБ аддзелу па Віцебскай вобласці, – кажа спадар Азараў. – Нам паведамілі ягоныя дадзеныя, мы паглядзелі і ўбачылі, што твар супадае. Толькі што на фота з пашпарту ён паголены, а на відэа – вусы і барада. Але мы ведаем, што ўсе супрацоўнікі КДБ пасля 2020 года адрошчваюць бараду, каб быць падобнымі да беларусаў і не выдзяляцца з натоўпу».

На думку Аляксандра Азарава, КДБ прыдумаў гэтую інсцэніроўку, каб пасля гісторыі з самалётам у Мачулішчах рэабілітаваць сябе ў вачах беларускага грамадства і Лукашэнкі. Таксама прадстаўнік BYPOL зазначае, што невядома, ці Лукашэнка ведаў, што ўсё гэта – фальсіфікацыя.

На пытанне вядоўцы, чаму «тэрарыст» быў менавіта з расейскім пашпартам, Азараў выказаў меркаванне, што гэта можа быць выгадна Лукашэнку.

«Яму трэба было адказваць за самалёт перад Пуціным, а тут ён можа паказаць – глядзіце, яшчэ адзін тэрарыст з расейскім пашпартам, каб зняць з сябе адказнасць, – кажа былы сілавік. – А можа, нават, каб сказаць – я не магу ўступіць у вайну, бо ў мяне тут куча тэрарыстаў з расейскімі пашпартамі, і вы самі не можаце іх затрымаць, таму мы вымушаныя трымаць войскі, спецслужбы ў Беларусі і не ісці ва Украіну».

Спадар Азараў зазначае, што падчас штурму ў кватэры не маглі выкарыстоўвацца гранаты Ф-1, як гэта фігуруе ў афіцыйнай інфармацыі, бо яны б нанеслі значныя пашкоджанні. Хутчэй за ўсё, там была піратэхнічная ці светлашумавая зброя для стварэння эфектаў.

У той жа час увечары 21 сакавіка ў тэлеграм-канале БелТА з’явілася такое паведамленне:

«Тое, што адбылося ў Горадні, можа быць спробай арганізацыі беглымі экстрэмістамі тэракту па ўказанні і падтрымцы замежных спецслужбаў для дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі, не выключаецца арганізацыя злачынства з боку СБУ з мэтай дэманстрацыі ўразлівасці сістэмы нацбяспекі Беларусі».

Аналітыка
Што гэта было? Аналізуем рэакцыю ўладаў на падзеі ў Горадні
2023.03.21 16:00
Каментар
«Адказ на Мачулішчы». Кіраўнік «ByPol» назваў фэйкам «бліскучую аперацыю КДБ» у Горадні
2023.03.21 13:26

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў