Як беларуская прапаганда карыстаецца тэорыямі змовы. Даследчыкі паглядзелі на дзяржаўныя медыі


Медыяхаб «ePramova» і доктар філалагічных навук Ірына Сідорская прадставілі 20 студзеня даследаванне «Тэорыі змовы ў структуры дзяржаўнай медыйнай прапаганды». Даследчыкі прааналізавалі амаль тры тысячы матэрыялаў на сайтах дзяржаўных тэлеканалаў і газеты «СБ. Беларусь сегодня» – канспіралогію знайшлі ў 8,6 % выпадкаў.

Прыкметы тэорыяў змовы ўзялі такія: наяўнасць таемнага плану з выразнай мэтай і пагаршэнне жыцця грамадства праз гэты план, наяўнасць за гэтым планам таемнай арганізацыі , якая хоча атрымаць яшчэ больш улады. Праз тэорыю змовы спрабуюць прыдумаць альтэрнатыўнае тлумачэнне важным падзеям.

«Канспіралагічнае мысленне – уяўленне аб тым, што ва ўсіх падзеяў ёсць нейкія таемныя прычыны і схаваныя рухаючыя сілы, – тлумачыць кіраўніца даследавання Ірына Сідорская. – Яно дзейнічае паводле прынцыпу «Ўсё не так, як здаецца». Тэорыі змовы адначасова і палохаюць, і дазваляюць рацыяналізаваць свой страх. Калі чалавеку страшна, яму хочацца знайсці абарону, «моцную руку», якая «навядзе парадак» і дасць простыя адказы на складаныя пытанні. Таму тэорыі змовы актыўна выкарыстоўваюцца прапагандай».

Даследчыкі разглядзелі матэрыялы «СБ. Беларусь сегодня», тэлеканалаў «Беларусь 1», АНТ і СТВ за 2021 год, у якіх праект «MediaIQ» раней знайшоў парушэнні журналісцкіх стандартаў. Найчасцей інфармацыйныя нагоды ў матэрыялах з тэорыямі змовы паходзілі ад прадстаўнікоў беларускіх уладаў, значна радзей – ад вонкавых адносна Беларусі сілаў або грамадзянаў нашай краіны.

Тэорыі змовы знаходзілі ў матэрыялах за кожны месяц, але найбольш – у студзені (калі ў Расеі былі палітычныя пратэсты, а Беларусь пазбавілі права правесці хакейны Чэмпіянат свету) і чэрвені (калі беларускія ўлады спрабавалі патлумачыць захоп самалёту «Ryanair» паведамленнем пра бомбу ад ХАМАС). Пры чым канспіралогія была не толькі ў «экспертных меркаваннях», а і ў навінах з інфармацыйнымі загалоўкамі. «MediaIQ» пры тым называла самым частым парушэннем журналісцкіх стандартаў неаддзяленне фактаў ад меркаванняў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Частыя персанажы тэорыяў змовы – іншапланетнікі і масоны. Але ў беларускай прапагандзе галоўныя героі тэорыяў змовы – «калектыўны Захад» і абстрактныя «дэструктыўныя сілы». Выява: pxhere.com

Даследчыкі выявілі сотню словаў і словазлучэнняў, якія могуць быць маркерамі канспіралогіі. Найчасцей яны бачылі ў канспіралагічных тэкстах маркеры накшталт «калектыўны Захад», «дэструктыўныя сілы», «замежныя каардынатары» і гэтак далей.

Сярод такіх маркераў – «каляровыя рэвалюцыі» і «метадычка Шарпа». Першым словазлучэннем звычайна звязваюць у адзінае цэлае (і інспіраванае вонкавымі сіламі) рэвалюцыі ў Сербіі (2000 год), Грузіі (2003), Украіне (2004 і 2013-14), Кыргызстане (2005), Ліване (2005), а таксама масавыя пратэсты ў Беларусі, Расеі і іншых краінах. Другім – кнігу амерыканскага палітолага Джыма Шарпа «Ад дыктатуры да дэмакратыі. Канцэптуальная аснова вызвалення» 1993 года, якая апісвае агульнавядомыя метады негвалтоўнага супраціву.

Асобна даследчыкі адзначылі нячастыя, але цікавыя фразы: «Роза североатлантических ветров, обдувающая так называемый белорусский балкон», «Недремлющее око мировой элиты», «Великие геополитические инквизиторы», «Заказчики хаоса», «Кто подносит спички».

Ды асноўная тэорыя змовы такая: «Беларусь знаходзіцца ў атачэнні ворагаў», якія абвясцілі ёй «гібрыдную вайну» і «эканамічны генацыд», зладзілі «сапраўдны тэрор» і «перайшлі ўсе чырвоныя лініі». Таму, згодна гэтай тэорыі, «сапраўдныя патрыёты» мусяць «аб’яднацца вакол лідара», а Беларусь вымушаная «ўзмацняць абарону дзяржаўнага суверэнітэту». Бо «замежныя праціўнікі Беларусі» не спыніліся пасля паразы ў пратэстах («спробе дзяржаўнага перавароту») пасля выбараў-2020 і рыхтуюць «новыя спробы дзяржаўнага перавароту».

Сярод таемных сілаў бываюць як абстрактныя «людзі з-за мяжы», так і канкрэтныя краіны: Злучаныя Штаты, Нямеччына, Літва, Польшча, Украіна, а таксама разам Еўразвяз і NATO.

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў