У Берасці пачаўся ціск на студэнтаў, што падпісаліся за далучэнне да Балонскага працэсу


Сярод патрабаванняў, якія ўтрымліваюцца ў звароце, узгадваюцца магчымасць абіраць рэктара калегіяльным шляхам і непасрэдны ўдзел студэнтаў у кіраванні сваёй навучальнай установай. Агучаныя змены ў сістэме вышэйшай адукацыі з’яўляюцца ўмовамі для далучэння Беларусі ў 2015 годзе да Балонскага працэсу, паведамляе «Ampby.org» са спасылкай на праваабарончы цэнтр «Вясна».

Збор подпісаў быў арганізаваны агенцтвам рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» у рамках адукацыйнай праграмы «Балонскі працэс і Беларусь». Студэнты, валанцёры і неабыякавыя маладыя людзі сабралі амаль 1000 подпісаў пад зваротам, накіраваным у Міністэрства адукацыі.

Апошнімі днямі з’явіліся звесткі, што дэканы некаторых факультэтаў берасцейскіх універсітэтаў тэлефануюць студэнтам, якія падпісаліся пад гэтым зваротам.

Паводле арганізатараў кампаніі «О, Балонь!», такія званкі пачаліся амаль адразу пасля таго, як адпаведная заява была накіравана ў Міністэрства адукацыі. У тых, хто падтрымаў гэты зварот, цікавяцца, ці сапраўды студэнты самастойна ставілі свой подпіс, ці адбываўся збор подпісаў непасрэдна на тэрыторыі ўніверсітэта альбо ў іншых месцах.

Арганізатары кампаніі «О, Балонь!» лічаць такія тэлефанаванні з увніверсітэтаў ціскам на студэнтаў.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары