Віцебскі ўрач плануе правесці пікет у дзень народзінаў Лукашэнкі


Ігар Пастноў хоча падзякаваць кіраўніку Беларусі «за наша шчаслівае жыццё».

Віцебскі ўрач ужо падаў заяўку на правядзенне пікету ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёну. Ён хоча 30 жніўня (дзень народзінаў Аляксандра Лукашэнкі) або ў бліжэйшы пасля гэтай даты выходны дзень выйсці з плакатам «Спасибо Батьке за нашу счастливую жизнь!», паведамляе spring96.org.

.Апрача гэтага, на плакаце ён гатовы размясціць інфармацыю пра свой заробак, а таксама фотаздымкі палат у віцебскіх шпіталях.

Пікет плануецца як аднаасобная акцыя, і правесці яго Ігар Пастноў гатовы ў віцебскім Парку культуры і адпачынку імя Савецкай Арміі – афіцыйна вызначаным месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў. Калі ж дазволу яму не дадуць, то спадар Пастноў усё адно правядзе акцыю – у іншым, меньш людным месцы, але потым абавязкова выкладзе ў інтэрнэт фотаздымкі і відэазапіс, паведамляе сайт freeregion.info.

Сёлета ўзімку Ігар Пастноў ужо праводзіў падобную акцыю. Тады адміністрацыя Кастрычніцкага раёну Віцебска забараніла яму праводзіць пікет супраць міліцэйскага гвалту. Аднак «урач-праўдаруб», як яго называюць у байнэце, правёў яго нягледзячы на адсутнасць дазволу. Пасля чаго ў інтэрнэце з’явіўся відэазапіс ягонай прамовы: трымаючы ў руках жалобны вянок з чорнымі стужкамі, Ігар Пастноў гаварыў пра незаконныя дзеянні міліцыянтаў.

{movie}Урач-праўдаруб з Віцебска пра незаконныя дзеянні міліцыі|right|17300{/movie}

На думку ўрача-псіхіятра Ігара Пастнова, перад прыёмам на працу ў міліцыю будучыя супрацоўнікі МУС павінны прайсці праверку, каб у гэтую структуру не трапілі асобы, схільныя да гвалту і садызму.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў