Усе зэдлікі на кухні: куды прыводзіць аўтаспын


Жэня Манцэвіч і Верасень знайшлі сваё шчасце, калі з’ехалі з Менску на захад, 130 км ад кальцавой. Паміж падарожжамі па Беларусі і свеце яны наладзілі эксплуатацыю даверлівых гараджанаў на сваім падворку. Карэспандэнт Белсату ледзь вырваўся з вясковага палону.

Жэня зноўку рушыла аўтаспынам па Беларусі, распарыўшы другі сезон аўтарскай праграмы на „Белсаце” які ў эфіры можна будзе пабачыць ужо 12 ліпеня. Паедзь да яе, – звяртаецца з гэтай нагоды рэдактар, – запытайся, як яны з мужам перажылі зіму. Гэта самае папулярнае пытанне, якое за плячыма Жэні задаюць адзін другому яе знаёмыя.

002

Жэня працуе ў садзе.

Жэню ведаюць па двух прычынах: па-першае, яна аб’ехала аўтаспынам з зэдлікам палову Cвету; па-другое, пасля працы ў Польшчы яна вярнулася ў Беларусь, набыла з мужам хутар і саджае там моркву з агуркамі паміж перакладам фільмаў і напісаннем сцэнароў для тэлебачання.

Праблемы пачынаюцца ў пятніцу з самага ранку, калі я яшчэ сяджу ў акліматызаваным офісе: квіткоў на гарадзенскі цягнік няма, бо студэнты і працоўныя раз’яджаюцца па дамох з пустымі слоікамі. Не хочацца ехаць з перасадкамі, таму рэгулярна абнаўляю сайт чыгункі і, нарэшце, знаходжу вольнае месца ў агульным вагоне.

Пяць кіламетраў ад станцыі дарога цягнецца полем з рэдкімі ўстаўкамі самотных двароў. Пасвяцца коні, пахне гноем, на гарызонце целяпаецца трактар. Пасля гарадскога шуму вушы насцярожана ўспрымаюць вакуумную цішыню. Пасля гадзіннай адаптацыі разумееш, што пра цішыню казаць не выпадае: насякомыя, птушкі і далёкі цягнік ладзяць якасную какафонію, якую хочацца запісаць і паставіць дома фонам для лячэння сіндрома турэцкага сядла.

Я не адзіны госць у хаце:
пазаўчора прыехаў сябра сям’і Рома, які дзеліць жыццё між тыбетскімі вяршынямі і валожынскімі пагоркамі. Наагул, пара зрэдку бывае на хутары адна – з часоў іх уласнай «кругасветкі» акаўнт на каўчсёрфінгу не зарастае імхом: на хутар прыязджаюць валацугі з усіх кантынентаў. Хтосьці блукае гадзінамі, шукаючы не пазначаную на гуглаўскай мапе Лохаўшчыну, а хтосьці трапляе ў самотную хату з першае спробы. Хоць усходняе партнёрства замежнікі ўспрымалі крыху інакш, чым выкапаную ў зямлі і прыкрытую дошкамі яму замест прыбіральні, яны ніколі не кажуць пра гэта ўслых. Але ў вачах усё яскрава чытаецца, – Верасень папярэджвае, дзе браць дадатковы рулон паперы.

 

001

 

Трэба хадзіць па ваду.

Пасля гарбаты з ікееўскіх кубкаў, мы сядаем граць у шахматы і кладземся ўжо на світанку. Муж з жонкай не трымаюць аніякага быдла, таму могуць дазволіць сабе не жыць паводле пеўняў. З хатніх жывёлаў тут ёсць котка Сур’я, што палюе на мышэй і кратоў. Яна нядаўна прынесла чатырох кацянятаў, і цяпер палюе на грызуноў яшчэ больш актыўна – гэта і ежа, і вучэбны матэрыял для развіцця інстынктаў. Здабытую мышку малыя знішчаюць за хвіліну.

004

 

Выхоўваць катоў.

Пекла пачынаецца на наступны дзень. Каб збіць гасцей з панталыку, гаспадары дазваляюць паваляцца ў ложках да дванаццатай. Пасля сняданку пад адкрытым небам з няспешнай размовай за кубкам гарбаты, які паволі змяняецца калебасам матэ, мне даюць касу і паказваюць рукой на некалькі бліжэйшых гектараў. Пасля таго як я ледзь не адразаю сабе ногі, касу мяняюць на бензапілу.

003

 

Касіць.

 

 

Мы прыступаем да будоўлі альтанкі, якую Жэня пазаўчора замовіла ў Верасня, каб можна было працаваць на двары. (Яшчэ адна функцыя пабудовы – чайныя цырымоніі з каўчсёрферамі, таму афіцыйна мы робім чайхану.)

005

Будаваць і рэмантаваць.

З перапынкам на абед, шахматы і бананавы шэйк на кефіры мы з Ромам абсалютна бясплатна носім і пілуем дошкі, капаем ямы і вынаходзім новыя інжынерныя рашэнні. Няма ніякіх сумневаў, што прыгон быў эфектыўнай сістэмай гаспадаркі ў ВКЛ: увечары канструкцыя была гатовая, і вячэру мы елі, седзячы на свежых, пахучых дошках падлогі, якая была зроблена ўласнаручна гадзіну таму. Эмоцыі непараўнальныя з тым, як прыпадымаеш ногі, калі прыбіральшчыца мые падлогу пад тваім сталом у офісе. Мы выбачаем Жэні з Верасню ўсе, і просім застацца жыць у іх да лістапада. Мы не супраць, калі б не тая чарга, – Жэня паказвае на натоўп ахвотных тут жыць і працаваць хіпстэраў, якіх у паўцемры за плотам грызуць камары.

007

 

За вячэрай весці вайну з камарамі.

 

 

У нядзелю разам з Ромам і мной у Менск едзе Жэня – на татуіроўку. На пероне стаім адныя. Потым сядзім у пустым вагоне. Гарбата з чарнаморскімі вафлямі. Жэні прыходзіць паведамленне на фэйсбуку ад падпісчыка, з якім яна асабіста не знаёмая. Міхась піша, што заўважыў яе на вакзале і мае гонар цяпер везці. Ён – машыніст. Мы не верым, і просім паддаць газу. Падаецца, паддае.

006

Ехаць ў сталіцу паўтары гадзіны.

Перад развітаннем прыгадваю пытанне рэдактара пра зіму – як жа ўсё-ткі перажылі? На стэрэатып страшнай зімы ў беларускай вёсцы Жэня не крыўдуе: гэтае пытанне задаюць людзі, якія ў дзяцінстве вярталіся ад бабулі ў горад 31 жніўня, і не ўяўляюць, што жыццё ў драўлянай хаце можа быць не менш камфортным за двушку ў Курасоўшчыне. Праз некалькі месяцаў, пасля рамонту, у хаце Жэні і Верасня з’явіцца ванны пакой, прыбіральня і нармальная кухня з гарачай вадой. І пытанне як вы перажылі зіму яна будзе задаваць менчукам.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu,

Фота Дзяніс Дзюба

 

Глядзі таксама
Каментары