Як фальклор з гораду спрабуе заваяваць вясковую публіку


Невялікія самадзейныя народныя калектывы гастралююць у асноўным па сельскіх дамах культуры ды вёсках. Займацца аўтэнтычнаю народнаю музыкай прафесійна – задорага без падтрымання дзяржавы. «Лета ў «Аб’ектыве».

«Берагіня» – адзіны фестываль у Беларусі, які сканцэнтраваны на традыцыйнай культуры і пераемнасці. Зберагчы народныя традыцыі, паказаць іх унікальнасць не толькі для беларускай, але і сусветнай культуры – прызначэнне і місія «Берагіні».

{movie}Як фальклор з гораду спрабуе заваяваць вясковую публіку|right|17241{/movie}

Вёска Рудабелка на Гомельшчыне чарговы раз нагадала пра тое, наколькі далёкая сучасная Беларусь ад «народных каранёў». Адзіны ў краіне фестываль аўтэнтычнае беларускае творчасці «Берагіня» стаў жывым помнікам беларускай вёсцы, збіраючы тут самабытных спевакоў з усёй Беларусі.

Гасцей ушаноўваюць па-вясковаму, па-сапраўднаму, ад душы. «Ненажэрныя» шэрагі да прыёму наведнікаў даўно гатовыя: салісткі народных калектываў прыехалі кожная «са сваім самаварам» і рэпертуарам. Калі трэба – гатовыя і пад дажджом спяваць: у народнай традыцыі ўсё адпавядае моманту.

Працяглыя сялянскія напевы не ведаюць фанаграмаў і аранжаванняў – тут толькі жывы гук і пастаянная імправізацыя. Кажуць, што нічога не вартае сяло без праведніка, але без традыцыяў яно не вартае пагатоў. Тэмы песень можна знайсці акурат у ручніках і ткацтве – прадмеце гонару, зайздрасці, а часам і знаку з глыбокім сакральным сэнсам.

Знаўцы этнічнае музыкі сцвярджаюць: гэта раней за прыпеўкамі і калыханкамі рыхтаваліся экспедыцыі ў вёску. Цяпер – наадварот, фальклор з гораду спрабуе заваяваць прыхільнасць вясковае публікі. Праўда, наконт таго, што ўсё ж такі дае тое самае сапраўды народнае гучанне, музыкі разыходзяцца ў меркаваннях. Для кагосьці асноўную партыю адыгрываюць гуслі, а хтосьці не ў’яўляе нацыянальнага фальклору без дуды.

У народнай культуры сёння мала магчымасцяў выйсці на вялікую сцэну. Па-сапраўднаму папулярным становіцца нешта каляфальклорнае, без глыбокай нацыянальнай ідэі. Фестываль «Берагіня» дапамагае зберагчы нацыянальны фальклор, тое, што ёсць стрыжнем для народу. Часам, гэта адзінае, што застаецца ад нацыянальнага духу ды ідэнтычнасці, нават у часы, калі краіне зусім не да песень.

МЯ, belsat.eu
https://youtu.be/dzHl8Ldopyc

Глядзі таксама
Каментары