У Вільні забароняць размаўляць праз тэлефон у грамадскім транспарце


Аматарам пабалакаць праз тэлефон у часе паездкі ў Вільні, відаць, давядзецца пашукаць іншых спосабаў прабавіць час. Верагодна, што ў хуткім часе ў салонах публічнага транспарту з’явяцца знакі, якія забараняюць гаварыць праз тэлефон.

Гэтае пытанне мае патрапіць на разгляд гарадской рады. Мэр літоўскае сталіцы Артурас Зуокас адзначыў, што праз недахоп культуры адныя пасажыры могуць замінаць сваімі размовамі іншым, і нават не заўважаць таго.

{movie}У Вільні забароняць размаўляць праз тэлефон у грамадскім транспарце |right|17163{/movie}

„Мабільны тэлефон, – гэта ўжо частка нашага жыцця. Прыняць нейкія суровыя рашэнні, каб цалкам забараніць размаўляць праз тэлефон у грамадскім транспарце, я думаю, немагчыма. Але я разумею і тых, каму не падабаецца, што нехта гучна гаворыць праз тэлефон і абмяркоўвае, скажам, свае вечарынкі. Думаю, мы будзем удзяляць больш увагі культурным зносінам”, – скаментаваў мэр Вільні Артурас Зуокас.

Гэтая прапанова – чарговая неспадзяванка ад Артураса Зуокаса, які шчыльна заняўся рэформаю грамадскага транспарту. Напрыклад, сёння гарадское самакіраванне прадставіла дадатак да смартфона. Праграма дазваляе аплаціць праезд праз інтэрнэт і мае шэраг іншых карысных функцыяў.

Паводле віленскага мэра, забарона гаварыць праз тэлефон можа дзейнічаць альбо на ўвесь транспартны сродак, альбо на пэўную яго частку, напрыклад, ля кіроўцы. Чужыя прыватныя размовы праз мабільнік шмат каму не даспадобы.

«Каля кіроўцы – абавязкова забараніць, бо гэта адцягвае ягоную ўвагу, і ён можа штосьці не заўважыць на дарозе. Малайчына наш Зуокас», – кажуць жыхары Вільні. Але ёсць і такія, хто мае іншае меркаванне: «Што страшнага, калі я трошкі пагавару ў грамадскім транспарце? Калі тэлефануе дзіця ці ўнук, каб сказаць, куды ён едзе і дзе яго сустрэць? Гэта цалкам нармалёва».



У гарадах Беларусі пакуль не ініцыявалі падобнай забароны. Толькі жыхары Менску гэтаю вясною распачалі збор подпісаў за скасаванне гукавой рэкламы ў транспарце. Паводле пасажыраў, калі яны слухаюць камерцыйныя аб’явы, то мусяць ездзіць бясплатна. Пад петыцыяй падпісалася 7 тыс. менчукоў. Жыхары Вільні не чуюць рэкламы ў аўтобусах і тралейбусах, але не хочуць чуць і чужых прыватных размоваў праз тэлефон.

Прынцып „ціхай паездкі” практыкуецца ў некаторых краінах Еўропы. Аднак многія віленчукі прызнаюцца, што ў параўнанні з недахопам транспарту і аўтобусамі без кандыцыянераў тэлефонныя размовы не выглядаюць найвялікшаю праблемаю.

Настасся Яўмен, Вільня, belsat.eu

Стужка навінаў