Новы прэзідэнт Егіпту абяцае змагацца з гвалтаўнікамі


У каірскім судзе распачаўся працэс над 12 мужчынамі, якіх вінавацяць у сексуальных дамагальніцтвах ды згвалтаваннях падчас масавага святкавання інаўгурацыі новаабранага прэзідэнта Егіпту.

Інцыдэнт адбыўся 8 чэрвеня на плошчы Тахрыр. На «Youtube» з’явіўся відэаролік з распранутай жанчынаю, якую цягнуць праз натоўп да машыны хуткай дапамогі. Гэта выклікала пратэст як у Егіпце, гэтак і за мяжою. Праваахоўнікі высветлілі, што гэтая жанчына была не адзінаю ахвяраю сэкс-злачынстваў падчас святкавання.

Прэзідэнт Абдэльфатах ас-Сісі асабіста выбачаўся перад ахвярамі гвалту ды наведаў іх у шпіталі. Ён заявіў, што пакладзе канец хвалі сексуальных злачынстваў у краіне.

Ад пачатку чэрвеня ў Егіпце дзеіць новы закон, паводле якога за сексуальныя дамагальніцтвы злачынцу караюць не менш як 6 месяцамі турмы ды штрафам не меншым за 420 долараў. Што да злачынцаў з плошчы Тахрыр – адвакат пацярпелых патрабуе для іх пажыццёвага зняволення.

За апошнія дзесяць гадоў сексуальныя дамагальніцтвы ды згвалтаванні падчас масавых імпрэзаў і пратэстаў сталіся для Егіпта звыклаю справаю. Ахвярамі станавіліся жанчыны, што бралі ўдзел у пратэстах і нават замежныя журналісткі. Паводле даследаванняў «Thomson Reuters Foundation» Егіпет названы «самаю горшай краінай для жанчын у арабскім свеце».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў