Вільня без беларускай імшы. Тлумачэнні – фармальныя


Не паспелі каталікі Вільні ўсцешыцца адраджэнню беларускамоўных службаў, як яны скасоўваюцца. Усяго два месяцы таму тут, у касцёле Святога Барталамея ў Зарэччы, пасля доўгага перапынку загучала беларуская мова.

{movie}Зноў без беларускай імшы|right|17054{/movie}

Аднаўленнем заняўся ксёндз Даніла Сваяк, які прыбыў у Вільню з Друі. Да касцёлу пацягнуліся прадстаўнікі дыяспары, а таксама мясцовыя жыхары. Спадарыня Лідзія мае беларускія карані, але свае першыя словы па-беларуску пачала прамаўляць менавіта на службах айца Данілы.

ЛІДЗІЯ ЖУК, ПАРАФІЯНКА:
“Яшчэ трошку, і я б загаварыла. Мы сталі спяваць, выкарыстоўвалі Біблію на беларускай. Усё гэта падлучылася б з часам, я мяркую”.

Віленскія каталікі-беларусы доўгі час змагаліся за імшу на роднай мове. Аднак віленскае біскупства адмаўляла: не было беларускамоўнага ксяндза. Калі ў Вільні з’явіўся айцец Даніла, яму без афіцыйнага прызначэння дазволілі праводзіць службы па-беларуску. І раптоўна гэтае блаславенне адклікалі. Ксяндза абавязалі як найхутчэй пакінуць Літву. Тлумачэнні – фармальныя.

ЖЫВІЛЕ ШЭПАРАЙЦІЦЕ, ДЭПАРТАМЕНТ КАМУНІКАЦЫІ ВІЛЕНСКАЙ АРЦЫБІСКУПСКАЙ КУРЫІ:
“Ксёндз Даніла – гэта святар Віцебскага арцыбіскупства. Летась ён вусна звярнуўся ў Віленскае арцыбіскупства з просьбаю дазволіць яму тут служыць, пакуль цягнецца ягонае навучанне. З ведама біскупа… яму дазволілі ладзіць службы ў касцёле Святога Барталамея. Ксяндза Данілу не прызначалі ў гэтую парафію, і ён не ёсць звольненым”.

Бліжэйшым часам служыць у касцёл прыедзе іншы святар, родам з Літвы. Паводле парафіянаў, беларускаю моваю ён не валодае. Аднак справа, бадай, не толькі ў мове. Вернікі ўсёю душою прынялі айца Данілу, а кіраўніцтва адклікала яго, нават не запытаўшы меркавання людзей.

ЛЮДВІКА КАРДЗІС, ГРАМАДСКАЯ ДЗЯЯЧКА, ПАРАФІЯНКА:
“Нягледзячы на яго малады ўзрост, ты можаш параіцца з ім пра нейкія рэчы. Гэта новае пакаленне ксяндзоў, гэта людзі, якія свядома абіралі свой шлях, якія не застаюцца на адным узроўні ў адукацыі – у Вільні ён скончыў магістратуру, збіраецца ісці ў дактарантуру. Узровень ксяндза высокі”.

Акрамя традыцыйных для тутэйшага касцёлу польскай і літоўскай моваў, службы ў Вільні ладзяцца на расейскай, украінскай і нават англійскай мовах. У Вільні жыве не менш як 20 000 беларусаў, якія зноў засталіся без імшы на роднай мове.

Настасся Яўмен, “Аб’ектыў”, Вільня

Стужка навінаў