«Іншы свет за бар'ерам». Якою пабачыла Беларусь польская турыстка (ФОТА)


Кася – чыноўніца, якая працуе ў адным з міністэрстваў і захапляецца фатаграфіяй. З нагоды чэмпіянату свету па хакеі яна ўпершыню наведала Беларусь, якую лічыць цудоўным месцам для аматара фатаграфіі. «Белсат» задаў ёй некалькі пытанняў пра ўражанні ад нашай краіны. Перад ёю Беларусь паўстала іншым светам, вельмі адрозным ад яе радзімы, часам зусім не такім, як гэтага хацелі б улады Беларусі, што і арганізавалі чэмпіянат, каб палепшыць свой імідж.

«Белсат»: – Што вы ведалі пра Беларусь перад прыездам?

Кася: – Не нашмат больш за тое, пра што ведае большасць палякаў: што Беларусь — наша суседка, што там Лукашэнка, што жывецца бядней. У нас шмат цяпер абмяркоўваюць іншых усходніх суседзяў, перадусім Украіну і Расею. Хоць гаворка пераважна пра палітыку і зусім мала – пра самыя краіны. Пра Беларусь жа чуваць няшмат. Мы маем побач такі ціхі і даволі вялікі край, дзе нічога не змяняецца. Час ад часу з’яўляецца інфармацыя, што кагосьці там арыштавалі, але ў параўнанні да іншых міжнародных падзеяў гэта няшмат. Едучы туды, я ўяўляла, што траплю ў нейкую альтэрнатыўную рэальнасць, у гэткую Польшчу, дзе не адбыліся дэмакратычныя змены.

«Б.»: – Ці ў Беларусі заўважная гісторыя?

К.: – Залежыць, якая і дзе. Напрыклад, у вялікіх гарадах (я была ў Берасці, у Менску і ў меншых — Пружанах, Заслаўі) бачны культ Другой сусветнай вайны, то бок помнікі. Гісторыя таксама заўважная ў назвах вуліцаў: шмат, напрыклад, вуліцаў Леніна. Цікава, што для нас гэта гісторыя, а там нібыта сучаснасць. У мяне ўсе гэтыя «леніны» і іншыя савецкія помнікі выклікаюць смех. Што гэта за героі? А вось гістарычнаму лёсу гарадоў увагі амаль не надаюць. Старажытных будынкаў засталося няшмат. Перадваенная гісторыя адчуваецца ў вёсках: драўляныя дамы, часта вельмі прыгожыя, і старыя людзі, якія жывуць успамінамі, якія ў Заходняй Беларусі часта датычаць таксама Польшчы. У сельскай мясцовасці я часцей чула беларускую мову. Няўжо яна сыходзіць у гісторыю?



Шпацыруючы па Менску. Фота Касі Даргель

«Б.»: – А што шакуе паляка, які ўпершыню прыязджае ў Беларусь?

К.: – Пустэча, калі едзеш праз лясы і лугі ды не спатыкаеш па дарозе мястэчак і вёсак. Гэтыя дарогі, якія вядуць праз пустку, – гэта нешта. Як амерыканскія фільмы-дарогі. У Польшчы трасы праходзяць праз гарады, уздоўж поўна рэкламных шчытоў, крамак, рынкаў.

«Б.»: А як наконт мяжы?

К.: – Вельмі выразна адчуваецца, што яна ёсць. Я даўно ўжо не пераязджала мяжы, дзе правяраюць пашпарты і корпаюцца ў багажніку. Гэта нібы як пераадольваеш браму ў іншы свет, і тыя, хто там працуе, здаецца, дбаюць, каб чалавек адчуў, што пераходзіць на іншы бок. Памежнікі ў сваіх шапках з шырокімі палямі вельмі пераймаюцца сваёй роляй, таму што, відаць, толькі тут могуць праявіць уладу. Пачынаеш адчуваць сябе малаважным, а ім гэтага, мабыць, толькі і трэба. Пачынаеш аўтаматычна задумвацца, ці не зрабіў ты чаго дрэннага і што з табою цяпер будзе. Аднак калі прыгадваеш, што яны не маюць да чаго дачапіцца, стрэс мінае і застаецца толькі цікавасць: што ж там за мяжою і калі праз яе ўрэшце прапусцяць?

«Б.»: – А як беларусы?

К.: – Тыя, з кім я пазнаёмілася, былі мілыя і адкрытыя, вельмі гасцінныя. Але ў краме ці ў прывакзальнай кавярні – зусім іншая гісторыя. Прадаўцы звычайна адгароджваюцца сцяною абыякавасці, не звяртаюць увагі на кліента. Працуюць нібы машыны, якія выдаюць тавары ды інкасуюць грошы. Хоць было і выключэнне. Аднойчы мы прыйшлі ў краму, якая зачынілася нейкі час таму. Прадавачкі перабывалі ў надзвычай добрым гуморы, было заўважна, што яны выпілі. У нас адразу запыталіся: «Што вам, рабяты?» І давай нас абслугоўваць, ды яшчэ старэйшая па службе наляцела на падначаленую, што тая нібыта кепска нам дагаджае. Відаць, мы адрозніваліся ад традыцыйных вечаровых кліентаў – спадароў, якія набываюць таннае віно. Падобная сітуацыя адбылася ў іншай краме, дзе нас абслужылі лепей з увагі на тое, што мы замежнікі. Праўда, паразумецца ўдавалася не паўсюдна. На стадыёне, дзе праходзіў матч Чэмпіянату свету, прадавачка не зразумела базавых англійскіх словаў і павярнулася да мяне плячыма. Яшчэ адзін момант, які кінуўся ў вочы: людзі, якія часта жывуць у вельмі сціплых умовах, імкнуцца да таго, каб упрыгожыць рэчаіснасць, перадусім свой дом.

«Б.»: – Ці адрозніваюцца беларусы ад палякаў знешнасцю, стылем вопраткі?

К.: – Так, асабліва жанчыны. Шмат якія дзяўчаты выглядалі нібы прыйшлі на вясковую дыскатэку, іншыя былі апранутыя ў гатычным стылі, што таксама выглядала экзатычна. І гэта не вынік занядбанасці, а наадварот, вялікіх намаганняў дзеля таго, каб добра выглядаць. Аднак гэтым яны страшэнна псуюць свой выгляд. Можа, гэта эфект таго, што ў Беларусі ўсё ж няма ўсіх тых сеткавых крамаў, у якіх польская моладзь праводзіць цэлыя дні. За горадам людзі найчасцей ходзяць у рабочай вопратцы, шэрай і лядашчай. Гэта перадусім людзі сталага веку. Цяжар жыцця наклаў адбітак на іхныя твары і далоні.



Старасць у палескай вёсцы. Фота Касі Даргель

«Б.»: – Чым беларуская вёска адрозніваецца ад польскай?

К.: – Шмат драўляных хатак. Выглядаюць досыць бедна, але затое вельмі маляўніча. У адным з дамоў у вёсцы на Палессі мы ўбачылі піраміду з падушак у прыгожа вышытых навалочках, кілімы, каляровыя капы. Паўсюдна ідэальны парадак, нібы гэта нейкая святыня. Цікава, што большую ўвагу тут надаюць дому, а не вопратцы. Людзі ў беларускіх вёсках знішчаныя цяжкаю працай, спаленыя сонцам, высушаныя ветрам, яны зрасліся з зямлёю, на якой і дзякуючы якой жывуць. Спрацаваныя далоні, у старых няма зубоў, вочы зацемненыя катарактаю… Затое ўсмешка – шчырая, а самі людзі зычлівыя і ахвотныя да размовы.

«Б.»: – А якое ўражанне зрабіў Менск?

К.: – Менск мяне прыгнятае. Гэта было наймацнейшае ўражанне з Беларусі. Гэты горад мае нялюдскі маштаб, чалавек пачуваецца там маленькім чарвяком. І гэтыя ўсюдыісныя жылыя шматпавярховікі, не такія, як у Польшчы, больш разнастайныя, выкрутасістых формаў. Непамерна доўгія або як замкі, з унутранымі падворкамі, з вежачкамі і мазаікай, падобныя на касмічныя караблі. А пасярод мікрараёнаў – цэрквы з залачонымі цыбулінамі, якія вельмі кідаюцца ў вочы. У Менску нібыта і ёсць стары горад, але складаецца ён з некалькіх адрэстаўраваных будынкаў, абапал якіх узвышаюцца шматпавярховікі-палацы.

«Б.»: – Ці Менск – гэта сучасны горад?

К.: – Гэта залежыць ад таго, што лічыць сучасным. Па сучасных шырокіх шасэ ездзяць старыя аўтамабілі. Можа, «Макдональдс» – гэта сучасна? А вось пластыкавыя ружовыя жэтоны ў метро – дакладна не. І будкі з кантралёрамі ля ўваходу ў яго – гэта таксама нейкі анахранізм. Затое вельмі кранальны, бо дзякуючы ім, відаць, менш беспрацоўных. Па-сучаснаму (і па-касмічнаму) выглядае будынак Нацыянальнай бібліятэкі, на якім рэкламуюць піва і начныя клубы. Хоць калі сучаснасць ацэньваць паводле колькасці рэкламы, дык Менск застаўся ў Сярэднявеччы. Сучасна выглядаюць спартовыя аб’екты – зашклёныя, з вялікімі паркінгамі. Агульна, трэба прызнаць, што Менск у гэтым сваім раздзьмутым маштабе мае досыць цэласны і закончаны вобраз.



У палескай хаце. Фота Касі Даргель

«Б.»: – Якія станоўчыя бакі мае Беларусь?



К.: – Тут досыць чыста, хіба што нават чысцей. Прынамсі на вуліцах, бо ў пад’ездах было брудна і смярдзела. У Менску і Берасці вельмі задбаныя вакзалы, на берасцейскім нам нават прыгатавалі каву па-турэцку на гарачым пяску! Дарогі падаюцца больш бяспечнымі, чымся ў Польшчы. Перадусім з прычыны малога руху, але таксама праз тое, што на выездзе з другарадных дарог на галоўныя стаяць перашкоды, якія прымушаюць зменшыць хуткасць. Пазітыўнае ўражанне ствараюць найперш людзі, мілыя і адкрытыя. Мы таксама сустрэлі моладзь, якая захапляецца беларускаю мовай, што вельмі станоўча ў сітуацыі панавання расейшчыны. І гэтая сардэчнасць… У мяне такое ўражанне, што палякі варожа глядзяць адно на аднаго. У Беларусі жыццё цячэ павольней, нават у Менску няма такой спешкі, як у Варшаве, і гэта мне акурат вельмі падабаецца.

«Б.»: – А што не спадабалася?

К.: – Апрача нялюдскага маштабу гарадоў, вялікая колькасць бадзяжнай жывёлы. Сумна і тое, што цяжка знайсці беларускасць: паўсюдна расейская мова, савецкія помнікі, серп і молат на станцыях метро…

«Б.»: З вашага аповеду вынікае, што Беларусь для паляка – гэта іншы свет. Чаму? Бо з Варшавы, напрыклад, можна даехаць да Беларусі за 2,5 гадзіны?

К.: – Існуе палітычны бар’ер, які падзяляе нашыя краіны. Ён дзеліць рэчаіснасць на два розныя светы. Мінаючы мяжу, мы пераносімся не толькі ў прасторы, але нібы і ў часе. У Беларусі адчуваецца, што тут ёсць нейкая моцная ўлада, якая ўсё знітоўвае і шмат чаго людзям не дазваляе. Людзі прыстасоўваюцца да ўмоваў, у якія іх уціснулі, і праз гэта яны іншыя і жывуць інакш, чымся іхныя суседзі ў Польшчы.

Размаўлялі Віктар Шукеловіч, Якуб Бернат, belsat.eu

Стужка навінаў