Пажыццёвы вырак за хакерства


Пажыццёвы турэмны тэрмін для кіберзлачынцаў хоча ўвесці каралева Вялікай Брытаніі Элізабэт II , піша газета The Guardian. Ініцыятыва прагучала падчас штогадовай троннай прамовы, якая адкрывае сесію брытанскага парламенту.

Паводле Элізабэт II , асабліва жорсткі вырак павінен чакаць тых кібертэрарыстаў, якія ставяць пад пагрозу жыццё грамадзянаў Вялікай Брытаніі, іхнае здароўе і нацыянальную бяспеку краіны. Да такіх дзеянняў можна аднесці ўзлом сайтаў тэлекамунікацыйных кампаніяў, атакі на энергетычныя карпарацыі, а таксама парталы праваахоўных органаў і ваенных ведамстваў.

Больш жорсткія тэрміны пакарання могуць чакаць і прамысловых кіберзлачынцаў: за эканамічныя, экалагічныя і сацыяльныя ўзрушэнні каралева рэкамендуе саджаць іх не на 10, а на 14 гадоў.

Да гэтай пары самы доўгі тэрмін для хакераў у Вялікай Брытаніі – 22 месяцы. Летась пад суд трапілі трое ўдзельнікаў руху «Anonymous», якія бралі ўдзел у нападах на сайты «Visa», «PayPal» і «MasterCard».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў