Як Цэнтральны выбарчы камітэт трапіў пад кантроль Лукашэнкі? 20 гадоў таму тагачасны старшыня ЦВК Віктар Ганчар спрабаваў правесці рэферэндум без фальсіфікацыяў. Але быў гвалтоўна зняты з пасады. А праз некаторы час страціў і жыццё. Падзеі 1996 года, якія называюць пачаткам канстытуцыйнага перавароту.
Акурат напярэдадні свайго гвалтоўнага змяшчэння з пасады старшыні ЦВК Віктар Ганчар звярнуўся да дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га склікання і паабяцаў, што рэферэндум, ініцыяваны кіраўніком краіны, пройдзе без фальсіфікацыяў. Паводле Ганчара, за змены ў Канстытуцыю, якія прапанаваў Аляксандр Лукашэнка, гатовыя былі прагаласаваць не больш за 30-35 % беларусаў. Акурат за 4 дні да галасавання Ганчар згубіў пасаду старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі.
«Там было чалавек каля 100, узброеныя аўтаматчыкі, Шчукін спрабаваў прарвацца, я там быў. А потым Ганчар склікаў паседжанне ЦВК у будынку Вярхоўнага Савету, але прыйшлі толькі 2-3 чалавекі. Астатнія пабаяліся», – узгадвае былы дэпутат Вярхоўнага Савету Павел Знавец.
Сярод сябраў Цэнтральнай выбарчай камісіі, якія не падтрымалі Ганчара, была і Лідзія Ярмошына. Менавіта яна агучвала лічбы рэферэндуму 1996 года.
На абарону Ганчара стаў тагачасны старшыня Канстытуцыйнага суда Валерый Ціхіня, у прыватнасці, ён рэкамендаваў адмяніць указ кіраўніка краіны аб адхіленні Ганчара з пасады. У 96-м Канстытуцыйны суд яшчэ мог сабе дазволіць паставіць пад сумнеў правамоцнасць указаў прэзідэнта.
Але літаральна праз пару дзён той самы Ціхіня быў сярод тых, хто «пахаваў» праект імпічменту кіраўніку краіны. У 1996 годзе Аляксандр Бухвостаў быў старшынём беларускай Партыі працы і дэпутатам ВС 13 склікання.
«Вядома быў пратэст Вярхоўнага савету, было паседжанне, але для Лукашэнкі гэта не грала ніякай ролі. Пачаўся дзяржаўны пераварот», – тлумачыць былы дэпутат.
Менавіта 14 лістапада пачаўся ланцуг падзеяў, якія скончыліся разгонам Вярхоўнага Савету, а апазіцыя на 20 гадоў была выцесненая з парламенту. Лёс Віктара Ганчара быў не менш трагічны. Праз тры гады пасля рэферэндуму 1996 года ён знік. Паводле праваабаронцаў і прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці, Ганчар стаўся ахвяраю «эскадронаў смерці» – спецпадраздзялення беларускіх сілавікоў, якое напрыканцы 90-х займалася палітычнымі забойствамі ў Беларусі.
Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»