Краіны Балтыі будуць разам змагацца з абыходам санкцыяў


Латвія, Літва і Эстонія дамовіліся выкарыстоўваць адзіны падыход у выкананні санкцыяў супраць Расеі і Беларусі. Адпаведную дэкларацыю прэм’ер-міністры гэтых краінаў апублікавалі 20 снежня.

Кая Каллас, прэм’ер-міністр Эстоніі.
Фота: rus.delfi.ee

«Мы абавязваемся ўжываць сумесны падыход да аднастайнага ажыццяўлення санкцыяў ЕЗ. Гэта дапаможа павысіць эфектыўнасць санкцый супраць Расеі і Беларусі. Мы таксама павінны працягваць нашыя намаганні ў ЕЗ у гэтым кірунку», – адзначыла ў X прэм’ер-міністарка Эстоніі Кая Калас.

Кіраўнікі ўрадаў адзначылі, што ў санкцыях дагэтуль існуюць шчыліны, якія дазваляюць Расеі абыходзіць абмежаванні праз Беларусь.Паводле дакументу, эфектыўнае выкананне санкцыяў і перадухіленне шчылін вельмі важнае для падрыву магчымасцяў Расеі працягваць вайну супраць Украіны.

«У спробе ліквідаваць фрагментацыю і ўзмацніць эфектыўнасць санкцый з боку Еўразвязу, краіны Балтыі абавязваюцца ўжываць рэгіянальны падыход да ўніфікаванага выканання санкцыяў», – гаворыцца ў дэкларацыі.

У прыватнасці, краіны дамовіліся не пазней за 31 студзеня 2024 года ўніфікаваць мытны кантроль і абмен інфармацыяй. Мытныя ўлады трох краін таксама ўзгодняць адзіны падыход да транспартавання тавараў паводле нелагічных маршрутаў: будуць патрабаваць дадатковыя дакументы па транзіце і канчатковым назначэнні тавараў, дадатковыя дэкларацыі вытворцаў і экспарцёраў для мінімізацыі рызыкі абыходу санкцый.

Hавiны
Прадстаўнік ЕЗ: Мы ўважліва сочым, каб нашыя санкцыі супраць Расеі не абыходзілі праз Беларусь
2023.12.19 19:12

18 снежня Еўразвяз прыняў новы, 12-ы пакет санкцыяў супраць Расеі. У яго ўвайшла забарона на экспарт у Расею хімікатаў, станкоў, ліціевых батарэяў, рухавікоў для беспілотнікаў. Але для Беларусі гэтай забароны ў новым пакеце няма. Тым не менш, прэсавы сакратар Еўрапейскай Камісіі Петэр Стано заявіў, што 12-ы пакет якраз і скіраваны на тое, каб не дапусціць абыходу Расеяй еўрапейскіх санкцыяў.

«Гэта тое, да чаго мы вельмі ўважліва прыглядаемся, каб пераканацца, што нашы санкцыі эфектыўныя і іх не абыходзяць шляхам экспарту праз Беларусь ці якія-небудзь іншыя кампаніі. У гэтым 12-ым пакеце мы ўвялі санкцыі ў дачыненні да 29 суб’ектаў з іншых краін, якія дзейнічаюць як не расейскія арганізацыі і займаюцца абыходам санкцыяў Еўрапейскага звязу. Калі мы знойдзем доказы або прыкметы таго, што нешта падобнае адбываецца, то мы гатовыя рабіць далейшыя крокі», – адзначыў Стано.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў