«Мы прывыклі жыць у вайне». Як у Кіеве ўспрымаюць пагрозу расейскага ўварвання


Belsat.eu пагутарыў з украінцамі і беларускімі палітэмігрантамі ў Кіеве пра настроі, якія пануюць у святле пагрозы вялікай вайны.

Кантэкст: Пуцін канцэнтруе войскі на мяжы

Цягам лістапада ў шэрагу аўтарытэтных заходніх выданнях з’явіліся публікацыі, дзе са спасылкаю на звесткі спецслужбаў даводзілася, што Расея канцэнтруе свае войскі на мяжы і плануе вялікі наступ на тэрыторыю Украіны. Паводле спецслужбаў, Расея рыхтуецца атакаваць пры канцы студзеня – у пачатку лютага 2022 года.

У пачатку снежня заходнія медыі распавялі, што ў маштабным уварванні ва Украіну могуць быць задзеяныя да 175 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Выданне «Bild» нават апублікавала мапу пуцінскага наступу і паведаміла, што план-максімум Крамля – захапіць ⅔ тэрыторыі Украіны, у тым ліку Кіеў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Mads Nissen / Politiken / Panos / Panos Pictures / Forum

Украінскае пытанне стала тэмаю № 1 для перамоваў Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна 7 снежня. Амерыканскі прэзідэнт папярэдзіў, што «ЗША ды іх саюзнікі ў выпадку эскалацыі сітуацыі адкажуць рашучымі эканамічнымі ды іншымі захадамі».

На фоне інфармацыю пра пагрозу вялікай вайны ўлады Кіева нагадалі грамадству размяшчэнне бамбасховішчаў у горадзе і распачалі іх праверкі. Мясцовая адміністрацыя таксама папярэдзіла, што ў Кіеве цяпер перыядычна пачнуць уключаць сірэны і ладзіць вучэнні, каб людзі ведалі, што рабіць у выпадку абстрэлу ўкраінскай сталіцы расейскай арміяй, і не панікавалі.

Святлана. У 2014 годзе была вымушана з’ехаць з Луганску з-за вайны

«Мы прывыклі жыць у вайне, таму ставімся да гэтага спакойна. Украінскае грамадства саспела для таго, каб бараніць сябе. Тым больш што адступаць нам няма куды. Я ўпэўнена, што з кожнага дому, які яны паспрабуюць захапіць, іх сустрэнуць кактэйлем Молатава або віламі. Нядаўняе даследаванне КМІС паказала, што 50 % украінцаў гатовыя абараняць сваю краіну, у тым ліку 33 % са зброяй у руках. Да таго ж вы ўлічвайце: у нас паўмільёна ветэранаў АТА (паводле афіцыйнай статыстыкі, ветэранамі баявых дзеянняў на Данбасе лічацца 407 тысяч чалавек. – Заўв. belsat.eu). Таму расейцаў тут чакае сапраўдная партызанская вайна.

Натуральна досвед у людзей розны. Ёсць тыя, хто непасрэдна меў справу з расейскай агрэсіяй, – напрыклад, перасяленцы, якіх ва Украіне амаль паўтара мільёна. Такія людзі ведаюць, з чым могуць сутыкнуцца.

У мяне з 2014 года ёсць заплечнік, у якім сабрана ўсё неабходнае – сухпаёк, аптэчка і г. д. Карацей, усё тое, што можа выратаваць жыццё. А я, адпаведна, тлумачу ўсім знаёмым, што трэба будзе рабіць у такой сітуацыі, рыхтую іх.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Mads Nissen/ Politiken / Panos / Panos Pictures / Forum

Ёсць людзі, якія раней з вайной не сутыкаліся. Ім будзе цяжэй. Натуральна, пакуль ты сам гэта не зведаў на сябе, то ты цалкам не здольны ўсвядоміць, з чым можаш сутыкнуцца. Да канца людзі не разумеюць, як гэта, калі ў твой дом прыходзіць вайна. Але са свайго досведу ведаю: калі прылятае першы снарад, ты вельмі хутка адаптуешся і пачынаеш рабіць усё так, як трэба. Таму я думаю, што і яны, калі спатрэбіцца, зробяць усё правільна».

Раман, палітэмігрант з Беларусі

«Натуральна, ніякай панікі тут няма. Горад жыве звычайным жыццём. Ніхто не пачынае скупляць грэчку з макаронаю, ніхто не пакуе валізак. Але ніхто і не смяецца з гэтай пагрозы. Няма нейкага грэбавання. Людзі ставяцца да гэтай тэмы цалкам сур’ёзна.

Цяпер, напрыклад, стала трохі цішэй, але тыдні два таму, як толькі з’явілася інфармацыя з нямецкага выдання «Bild», то гэта ўсё вельмі актыўна абмяркоўвалася.

У цырульні, у кавярні, у краме, у таксоўцы – паўсюль я заўважаў, як звычайныя людзі пра гэта гавораць. Заходзіш у краму па ваду і чуеш, як прадавачка камусьці кажа: а вы верыце, не верыце? І адразу ўся чарга гэта пачынае абмяркоўваць.

Па маіх назіраннях людзі дапускаюць, што вялікае ўварванне можа стаць рэальнасцю. Асноўная думка: краіна і так жыве ў вайне. Калі гэта здарылася з Данецкам у 2014 гадзе, то чаму гэта не можа здарыцца з Кіевам у 2021-м? Я ведаю людзей, якія ў звязку з гэтым занепакоеныя бытавымі праблемамі, напрыклад, што рабіць з нерухомасцю: калі з’язджаць цяпер і прадаваць кватэры, то гэта будзе больш выгадна, чым прадаваць кватэры, калі пачнецца вайна, бо, натуральна, цэны на нерухомасць прасядуць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Mads Nissen / Politiken / Panos / Panos Pictures / Forum

Ну, і потым гэтая тэма актыўна мусіруецца ў медыях. Ток-шоу, эксперты, спрэчкі. Эксперты, праўда, у асноўным кажуць, што нічога страшнага не здарыцца, вялікай вайны не будзе, бо Пуцін проста блефуе. Але так ці інакш гэтая тэма пастаянна знаходзіцца ў інфармацыйным парадку дня, людзям не даюць пра гэта забыцца».

Леся, кіяўлянка

«Настроі людзей вакол мяне я б апісала як трывожную іранічнасць або іранічную трывожнасць. Безумоўна, гэта абмяркоўваецца – верыце ці не верыце, чаму і г. д. Але інфармацыі насамрэч не так шмат, таму глыбока аналізаваць тут няма чаго. У маім асяроддзі настоі пераважна спакойныя.

Ці вывучаюць людзі мапу бамбасховішчаў у горадзе? Ды не. Усе бамбасховішча ў нас пазначаныя ўжо даўно: падпісаныя, намаляваныя стрэлачкі. У нас жа вайна ідзе сёмы год. Здзіўленне ад кантрастаў, калі на гламурнай краме напісана «укриття – там», мы перажылі яшчэ ў 2014 годзе. Хаця гэта не значыць, што людзі цалкам разумеюць, што іх можа чакаць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Mads Nissen / Politiken / Panos / Panos Pictures / Forum

Любы чалавек, які так ці інакш сутыкаўся з вайной (Леся працавала журналісткай у зоне АТА. – Заўв. belsat.eu), пачынае значна больш давяраць сваёй інтуіцыі, чым паведамленням і зводкам. Гэта адбываецца амаль аўтаматычна, бо інтуіцыя на вайне – гэта тое, што дапамагае табе выжыць. У дадзеным выпадку мая асабістая інтуіцыя маўчыць. Інфармацыю пра сцягванне расейскіх войскаў да мяжы, з’яўленне публікацыяў у медыях я хутчэй успрымаю як інфармацыйны ціск. Таму асабіста я ніяк не рыхтуюся да вайны. І пры гэтым разумею цудоўна, што магу памыляцца».

Аксана, палітэмігрантка з Беларусі

«Я яшчэ не асімілявалася ва ўкраінскае грамадства, калі можна так сказаць.

Я ў асноўным маю зносіны з беларусамі. І варта прызнаць, што яны вельмі ўсхваляваныя. Я таксама ўсхваляваная. Я прадумваю, як і куды эвакуявацца, калі нешта пачнецца. Думаю над тым, каб запісацца на медычныя курсы. То бок мы гэта вельмі сур’ёзна ўспрымаем. Мая знаёмая прызнавалася, што нядаўна чула гук сірэны і што яе гэта вельмі напужала.

Пра настроі ўкраінцаў мне цяжэй разважаць. Я асабіста не сутыкалася з тым, каб паўсюль на вуліцах ці ў крамах гэта абмяркоўвалася. А тыя нешматлікія размовы на гэтую тэму, якія ў мяне былі – яны аказваліся вельмі рознымі. І часам нейкія выказванні мяне здзіўлялі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Mads Nissen / Politiken / Panos / Panos Pictures / Forum

Напрыклад, гаспадыня кватэры, якую я здымаю. Ёй 38 гадоў. Калі я толькі засялялася, яна мне падавалася чалавекам вельмі цвярозых, адэкватных поглядаў. Нібыта ўсё разумела пра рэпрэсіі ў Беларусі, суперажывала нам. А нядаўна з ёй зайшла размова пра магчымую вайну, і яна сказала: «Я за Расею. Я не хачу вайны, я не веру, што расейскія танкі сюды пойдуць. Я за тое, каб Украіна размаўляла з Расеяй, у нас былі добрыя стасункі. Можа, мы ад іх будзем залежаць, як вы (Беларусь) залежыце, але затое ў нас усё будзе ціха і спакойна». І пачала далей распавядаць, што расейскага следу на Данбасе няма, і там украінцы нібыта ваююць з украінцамі. І ў выніку заявіла: вы, беларусы, маглі б нават парадавацца, што ў вас такі прэзідэнт.

А ёсць зусім іншы прыклад. Да нас на акцыі (акцыі салідарнасці беларусаў ва Украіне. – Заўв. belsat.eu) падышоў дзядуля. Пачаў казаць, што вельмі суперажывае ўсяму беларускаму народу, пажадаў нам удачы. Сказаў: «Я перажыў вайну, я ваяваў, каб мае ўнукі не ведалі, што гэта такое. А цяпер гэта вусатая падла таксама захацела ў вайнушку пагуляць». І вось ён цалкам верыць у магчымасць расейскага нападу, яго гэта вельмі турбуе».

Аналітыка
Што трэба ведаць пра пагрозу ўцягвання Беларусі ў расейска-ўкраінскі канфлікт
2021.12.09 14:30

РР belsat.eu

 

Стужка навінаў