news
Гісторыі
Былы палітвязень – пра размовы на Валадарцы з нобэлеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім
Спрабавалі перагаворвацца праз каналізацыйныя трубы.
20.10.202308:00

1 кастрычніка 2022 года Дзяніса Князева, моцна збітага супрацоўнікамі ГУБАЗіКу, перавялі з Акрэсціна ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага і кінулі ў камеру 92. Праз некаторы час ён пачуў на калідоры голас «прадольнага»: «Бяляцкі, на выхад!» У размове з «Белсатам» Дзяніс апавядае, як удавалася звязвацца ды пра што размаўлялі з нобэлеўскім лаўрэатам і палітычным вязнем Алесем Бяляцкім. Спрабавалі камунікаваць і праз «турэмны тэлефон» – каналізацыйныя трубы ўмывальні…

Былы палітычны вязень Дзяніс Князеў. Варшава, Польшча. 18 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Дзяніс Князеў вядомы збольшага як палітычны вязень, якога здала ГУБАЗіКу былая сужыцелька і маці ягонай дачкі. Гісторыя даносу жанчыны была такая прыцягальная для медыяў, што, на думку самога Дзяніса, засланіла тое, што адбывалася потым з ім самым: збіццё, катаванні, суды, «хімія» і ўцёкі.

Свае «пякельныя ўспаміны» Князеў сабраў у асобны аповед (тут мабільная версія), які пісаў больш за тры месяцы ўжо ў бяспецы.

У тэксце – усё па парадку: з моманту затрымання, каля Дзяніса збівалі на вачах у малой дачкі Ясеніі 10 чалавек, узброеных аўтаматамі, аж да таемнага ад’езду з Беларусі. А паміж гэтымі падзеямі – жахі Акрэсціна, сустрэчы на Валадарцы, катаванні холадам ў ІЧУ Менскага раёну, дзе адбываў 30 содняў ужо падчас «хатняй хіміі».

«Бяляцкі, на выхад!»

Аповед Дзяніс Князеў заканчвае пералікам палітычных вязняў, з якімі сустрэўся ў турмах. І № 1 у гэтым спісе – праваабаронца і нобэлеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, з якім Князеў амаль штодня цягам двух тыдняў размаўляў на Валадарцы, застаючыся ў розных камерах. Як гэта было?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларусы і палякі выйшлі на пратэст да беларускай амбасады сказаць не прысудам Алесю Бяляцкаму і вясноўцам. Варшава, Польшча. 2 сакавіка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«1 кастрычніка 2022 года мяне кінулі ў камеру 92 у жаночым корпусе на Валадарцы. Калі першай жа раніцаю пачуў «Бяляцкі, на выхад!», а потым пачуў скрыгатанне ключоў, зразумеў, што Алесь Бяляцкі – у суседняй камеры, злева ад маёй. Ясна, што я ведаў яго, сачыў за ягонаю дзейнасцю і творчасцю. Але я быў першы раз на Валадарцы ды не ўяўляў, як з ім можна звязацца. Людзі параілі пагрукаць у сцяну.

Я здзівіўся, што Алесь адразу адгукнуўся. Крыкнуў у фортку: «Вылазь, пагаворым!» Ён ужо ведаў, як усё там можна і трэба рабіць», – згадвае Дзяніс Князеў.

Камеры Князева і Бяляцкага (91-ая або 93-яя) былі ў склепе турэмнага корпусу, вокны выходзілі на плот. Калі залезці на другі ярус шконкі, адкрыць фортку і гаварыць, то чалавек у суседняй камеры цябе чуе праз сваю фортку. Адно што трэба было быць вельмі пільнымі і сачыць за вочкам, каб не застукаў «прадольны». Паспрабавалі камунікаваць і праз каналізацыйныя трубы ўмывальні – так было б бяспечней.

«Спрабавалі. Але не было чуваць. І ён спрабаваў. Але мне здаецца, што ў 92-й камеры трубы зробленыя неяк па-іншаму. Таму праз трубы не ўдалося», – тлумачыць Дзяніс.

Князеў праходзіў у справе паводле арт. 342 КК. У СІЗА № 1 прабыў да суда тры месяцы ў чатырох розных камерах. У чатырохмясцовай пад нумарам 92 сядзеў два тыдні. Алесь Бяляцкі быў на той момант на Валадарцы ўжо больш за год.

Інтэрв’ю
Бяляцкі ведаў, што па яго прыйдуць, а чаму не з’ехаў? Інтэрв’ю з Наталляй Пінчук – жонкай зняволенага
2023.03.26 22:00

«І вось гэтыя два тыдні мы размаўлялі штодзень. Гаварылі пра ўсё. Я спачатку падзякаваў яму за тое, што ён працягвае змагацца. Запытаўся, як ён трымаецца. Ён адказаў, што ўсё нармальна: дзеці ўжо дарослыя, жонка ў бяспецы. Сказаў, што гэта быў ягоны выбар. Ён імкнуўся да свабоднай Беларусі, рабіў усё дзеля гэтага і цяпер працягвае рабіць. Алесь вельмі аптымістычны. І моцны», – распавядае Дзяніс Князеў.

Сала для набэліята

Нагадаем, што падзеі адбываліся ў пачатку кастрычніка. 7 кастрычніка 2022 года Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію. Паводле Дзяніса, праваабаронца даведаўся пра гэта з тэлебачання, бо ў ягонай камеры быў тэлевізар (не ўдакладняе, даведаўся ў дзень абвяшчэння пераможцы ці, можа, пазней).

Князеў быў, напэўна, першы, хто павіншаваў Алеся Бяляцкага ўжывую з гэтаю падзеяй. Паўжартам намякнуў яму падчас размовы, што цяпер, з такімі грашыма, ягонай жонцы будзе, напэўна, лягчэй падтрымліваць яго. На гэта нобэлеўскі лаўрэат заўважыў, што прэмію можа забраць толькі ён – па вызваленні. А значыцца, трэба трываць і чакаць.

Былы палітычны вязень Дзяніс Князеў. Варшава, Польшча. 18 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Як згадвае Дзяніс, стаўленне супрацоўнікаў турмы да Алеся Бяляцкага і пасля ягонага ўганаравання прэміяй было такое ж, як і да іншых палітзняволеных (ці наагул ведалі вертухаі, да каго грукаюцца ў камеру?). Звярталіся да яго на прозвішча («Бяляцкі, на выхад!»). А выклікалі некалькі разоў на дзень. «На кабінеты», як кажа Дзяніс. Гэта быў перыяд, калі праваабаронца азнаямляўся з матэрыяламі справы.

«Я пытаў яго, чаму ён ходзіць туды так часта. І ён казаў, што там у справе 268 тамоў [у справе супраць «Вясны», паводле праваабаронцаў, было 284 тамы]. І апавёў, што прасіў іх усё перакласці на беларускую мову, але яны адмовілі. Мы смяяліся з гэтага, жартавалі з ім. Вядома ж, размаўлялі па-беларуску. Казаў, што не паспявае ўсяго прачытаць і ходзіць туды, каб даведацца, што яны там пра яго навыдумлялі. Вось так казаў.

Дзяніс, кажа, вы нічога не бойцеся, не хвалюйцеся, ведайце проста, што вы на баку дабра. Усё калісьці скончыцца, і вінаватыя панясуць пакаранне. Так мяне суцяшаў і падтрымліваў, калі расказаў яму сваю гісторыю», – дадае суразмоўца.

Алесь Бяляцкі быў на той момант у двухмясцовай камеры адзін, але да яго перыядычна на некаторы час некага падсаджвалі. Бяляцкі апавядаў, што сярод іх былі і палітычныя, і непалітычныя, але ўсе яны былі нармальныя людзі – забойцаў і гвалтаўнікоў да яго не садзілі.

Тады ў камеры Бяляцкага «было ўсё». Яму прыходзіла шмат прадуктовых перадачаў («прызнаваўся, што не паспявае ўсяго зʼесці»), былі кнігі, газеты, тэлевізар і такія неабходныя ў турме цыгарэты (сам Бяляцкі не курыць).

«Аж некаторыя вязні звярталіся да мяне з просьбаю, каб я папрасіў у Бяляцкага, напрыклад, запалкі. Нам удавалася абменьвацца гэтым у дворыку для шпацыраў», – тлумачыць былы палітычны вязень.

Успамінае, як аднойчы пад дзверы камеры Бяляцкага прынеслі перадачу, а самога вязня ў той час не было ў камеры («павялі на кабінеты»).

«Каля камеры сабраліся супрацоўнікі. І адзін з іх са здзіўленнем заўважыў: «Ні фіга сабе, колькі сала!» Другі ў адказ: «Ты тут пастой, пачакай каля сала, каб не скралі». І пачуўся такі грук – гэта яны, відаць, пакет з тым салам на падлогу паставілі. Сур’ёзны такі грук.

Не ведаю нават, колькі кілаграмаў там магло быць. Я потым у Алеся не пытаў пра гэта, нязручна неяк», – згадвае Дзяніс Князеў.

Гэтыя размовы з Бяляцкім на Валадарцы – адзін з самых светлых эпізодаў з турэмнага досведу Дзяніса Князева. Ён не апісвае гэтага ў сваім аповедзе, прысвечаным чорнай і ганебнай рэчаіснасці ягонага пераследу ГУБАЗіКам ды іншымі супрацоўнікамі МУС.

Розгалас можа нашкодзіць

«Вось так дзякуючы Валадарцы я размаўляў з нобэлеўскім лаўрэатам – проста праз турэмную фортку. Але сустрэў на Валадарцы, на Акрэсціна і ў ІЧУ Менскага раёну шмат знакамітых і светлых людзей, якія траплялі туды праз свае палітычныя перакананні», – заўважае Дзяніс.

Былы палітычны вязень Дзяніс Князеў. Варшава, Польшча. 18 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Сярод іх называе адваката і юрыста Аляксандра Данілевіча (засуджаны на 10 гадоў калоніі), фігуранта «справы «Буслы ляцяць» Мікалая Бібліса (8,5 года калоніі), журналіста Аляксандра Лычаўку, дальнабойніка Дзяніса Краўчука, хлопца са Смаргоні Аляксандра Рукойця ды шмат каго яшчэ.

«Для мяне кожны чалавек з гэтага пераліку не проста радок у спісе, а цэлая гісторыя», – зазначае Дзяніс Князеў пад пералікам палітычных вязняў у канцы свайго аповеду.

Сам Князеў атрымаў статус палітзняволенага постфактум, калі пасля 30 содняў, на якія яго кінулі падчас адбывання «хатняй хіміі» (яму прысудзілі 3 гады), зʼехаў з Беларусі і паказаў праваабаронцам доказы пераследу. Ён упэўнены, што розгалас у медыях і наданне статусу палітычнага вязня можа шкодзіць затрыманым паводле палітычных артыкулаў. У якасці прыкладу прыводзіць выпадак з іншым палітзняволеным, якога судзілі за тое самае, што і Дзяніса (арт 342 КК), але пра якога пісалі ў медыях. Яму прысудзілі 1,5 года калоніі, Дзянісу – «хатнюю хімію». І гэта нягледзячы на тое, што доказаў на таго палітычнага вязня следчыя знайшлі меней, чымся на Князева («у ягонай справе былі толькі некалькі здымкаў, і тое без сцягоў»).

«І людзей, якія сядзяць у Беларусі з палітычных прычынаў, але пра якіх не ведаюць праваабаронцы, бо сваякі баяцца перадаваць ім інфармацыю або самі палітычныя не хочуць розгаласу, такіх людзей шмат», – сцвярджае Дзяніс Князеў, падкрэсліваючы, што статус палітычнага вязня найбольш дапамагае тады, калі чалавек ужо ў бяспецы.

На погляд суразмоўцы, датычыць гэта і тых, хто адбываў у Беларусі «хатнюю хімію». Да апошняга часу праваабарончая супольнасць не надавала афіцыйнага статусу палітзняволенага «хатнім хімікам». Але прэцэдэнт ужо маем.

«Я згодны з тым, што адбыць «хатнюю хімію» ў Беларусі ўжо амаль немагчыма. Калісьці знайшоў статыстыку, што людзі больш за два гады не вытрымліваюць: 80 ці 90 адсоткаў з іх едуць пазней у калонію. І гэтая статыстыка датычыць непалітычных. А нам жа яшчэ цяжэй! І цяпер даюць як мінімум тры гады», – дзеліцца Дзяніс Князеў.

Гісторыі
«Хатнюю хімію» адбыць немагчыма». Гісторыя бяссоння і галадовак беларускі Рэгіны Лавор
2023.06.03 07:00

Калі яго падчас адбывання «хіміі» змясцілі невядома за што на 30 содняў у ізалятар часовага ўтрымання Менскага раёну (потым высветлілася, што содні «выпісаў» пракурор), міліцыянты казалі Дзянісу, што ягоная «хатняя хімія» была проста памылкаю суда…

У кабінеце ГУБАЗіКу

Факты збіцця і катаванняў, апісаныя Дзянісам, задакументаваныя ў камітэце ААН, Еўрапейскім судзе правоў чалавека (ЕСПЧ) і Міжнародным камітэце расследавання катаванняў у Беларусі. Працытуем толькі адзін эпізод.

Дзеянне адбываецца ў кабінетах і калідорах ГУБАЗіКу.

«У сямі кабінетах я чуў крыкі людзе, якіх збіваў ГУБАЗіК. Адзін з іх адмаўляўся запісваць «пакаяннае» відэа. І я чуў, як кожныя 5 секундаў яго білі дубінкай, а потым электрашокерам. Хвіліна такіх катаванняў – і чалавек пачынаў задыхацца. ГУБАЗіК сказаў мне стаць у канцы калідору каля шафы. Яны ўспомнілі, што час абеду, пайшлі есці…

Затым мяне завялі ў кабінет, у якім мужчына, пабачыўшы мяне, спытаў, навошта яму прывялі бацюшку з царквы. Відаць, яму так падалося праз маю бараду.

Далей адзін з іх дастаў са стала велізарны чорны вайсковы нож, прыставіў да маёй шыі і запытаў: «Хочаш, пагалю цябе?» Я нічога не адказаў…

Мяне павялі ў іншы, маленькі кабінет. Паказалі на крэсла, і я сеў. Мужчына з ГУБАЗіКу патлумачыў мне, што са мною будуць запісваць «пакаяннае» відэа. І пачаў надыктоўваць словы, якія я павінен быў казаць. Мне гэтыя словы не падабаліся, і я не хацеў запісваць відэа. Таму я часта прыпыняўся, пыкаў, стагнаў, шаптаў некаторыя словы. Мужчына зноў і зноў спрабаваў запісваць.

Былы палітычны вязень Дзяніс Князеў. Варшава, Польшча. 18 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Урэшце здаўся, адклаў свой смартфон, зрабіў некалькі хуткіх крокаў, каб разбегчыся, і ўдарыў мяне ў грудзі нагой. Я вылецеў з кабінету і ледзь не праламаў дзверы кабінету насупраць…»

«Дзяніс Валерʼевіч, трэба адбываць пакаранне…»

Да затрымання Дзяніс Князеў працаваў інжынерам у прыватнай фірме. Меў дом каля Менску, выхоўваў дачку Ясенію. Быў затрыманы ў верасні 2022 года. Прайшоў праз Акрэсціна і Валадарку. Яго засудзілі на 3 гады «хатняй хіміі», але пазней ізноў кінулі на 30 содняў у ІЧУ Менскага раёну. Дзяніс зразумеў, што ўсё адно яго чакае калонія, і ў канцы траўня 2023 года зʼехаў з Беларусі:

«Калі пераехаў праз мяжу, проста сеў на лаўку на прыпынку і сядзеў гадзіны чатыры. Гэта была Літва.

Сядзеў і не верыў, што цяпер магу ўсё: размаўляць з сябрамі праз тэлефон, чытаць, слухаць музыку… А там я ўжо рыхтаваўся да калоніі».

Пазней атрымаў у Viber і Telegram паведамленні з Беларусі: «Дзяніс Валерʼевіч, трэба адбываць пакаранне, вяртайцеся ў Беларусь, вас чакае 5 гадоў». Ён не адказаў. Не ведае таксама, ці заведзеная ўжо ў дачыненні яго новая крымінальная справа.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на 19 кастрычніка ў Беларусі афіцыйна прызнанымі палітычнымі вязнямі лічыліся 1485 чалавек. Згодна з падлікамі ініцыятывы Dissidentby, у Беларусі 1701 палітычны вязень. Насамрэч колькасць можа быць удвая, а то і ўтрая большая. Праваабаронца, лаўрэат Нобэлеўскай прэміі, палітычны вязень Алесь Бяляцкі застаецца за кратамі 2 гады і 3 месяцы. Яго прысудзілі да 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Цяпер ён у папраўчай калоніі № 9 у Горках (Магілёўская вобласць).

Рэпартаж
Наталля Пінчук у Варшаўскім універсітэце: «Беларусь – адна вялікая клетка»
2023.03.22 02:31

Зміцер Міраш belsat.eu