У Менску асудзілі праваабаронцаў «Вясны»


Суд Ленінскага раёну Менску. Асоба ў чорнай мантыі Марына Запаснік пры спрыянні так званага пракурора Аляксандра Караля выносіць выракі. У клетцы – старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна», лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі і ягоныя паплечнікі. Рукі праваабаронцаў заведзеныя за спіну. Яны ў кайданках. Больш за палову невялікай залы суда займаюць адмыслова сагнаныя курсанты Акадэміі міліцыі – фармальная прычына не пусціць тых, хто сапраўды прыйшоў падтрымаць палітзняволеных. Вырак – калонія.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Алесю Бяляцкаму – дзесяць гадоў. Ягонаму намесніку Валянціну Стэфановічу – дзевяць. Каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміру Лабковічу – сем. Праваабаронцу Дзмітрыю Салаўёву – восем гадоў завочна. Усіх асудзілі паводле артыкулаў аб кантрабандзе і фінансаванні беспарадкаў. Абараняць сябе на роднай мове – не дазволілі. Кажа праваабаронца Вясны Зміцер Салаўёў:

«Тое, што адбылося сёння, што адбывалася вось некалькі гадоў, – гэта помста за эфектыўную праваабарончую дзейнасць. За тое, што дапамаглі дзясяткам тысяч людзей, можа нават, і сотням. За 27 гадоў існавання праваабарончага цэнтру “Вясна”, за маніторынг выбараў. Мы задакументавалі тысячу выпадкаў катаванняў людзей, затрыманых пасля падзеяў 2020 года».

Юрыст «Вясны» Павел Сапелка дадае:

«Той факт, што нашыя калегі не маглі ажыццяўляць сваю абарону на роднай мове, што яны былі пазбаўленыя шматлікіх працэсуальных гарантыяў, таксама дае нам падставу гаварыць, што прысуд – несправядлівы, вынесены з парушэннем міжнародных абавязкаў Беларусі».

Заявы з асуджэннем выракаў беларускім праваабаронцам і заклікі да рашучай міжнароднай рэакцыі прагучалі ў тым ліку ад Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, МЗС Польшчы, адмысловай спавяшчальніцы ААН у справах Беларусі Анаіс Марэн, прэзідэнткі Еўрапарламенту Рабэрты Мэтсалі. Сваю пазіцыю выказала і беларуская нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч:

«Я мяркую, што ўсе мусяць разумець, што такія рэчы расчышчаюць шлях да грамадзянскай вайны. Такое беззаконне, такая адсутнасць усялякага закону, усялякіх правілаў жыцця і грамадства. Гэта шлях да грамадзянскай вайны, і вось гэта – самае жахлівае».

Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская пракаментавала прысуд вясноўцам наступным чынам:

«Насамрэч гэта – як плявок у твар міжнароднай праваабарончай супольнасці. Калі садзяць віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, то аб чым тут увогуле казаць. Я бачыла вочы Алеся і іншых, я чула ягоную прамову. У іх няма адчаю. Але ў іх ёсць энергія працягваць барацьбу. Яны ведаюць, што робяць правільную справу».

Святлана Ціханоўская збіраецца на міжнародным узроўні дабівацца вызвалення праваабаронцаў. Заклікае пісаць ім лісты падтрымання. Звярнулася абраная прэзідэнтка і да выканаўцаў судзілішча:

«Я спадзяюся, недзе глыбока ў сэрцы яны разумеюць, што яны сваімі рукамі робяць злачынствы. І што яны самі некалі мусяць апынуцца на месцы, дзе сядзіць наш герой. Але ж іх будзе судзіць ужо справядлівы суд».

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка ў сувязі з прысудам заклікаў да поўнай міжнароднай ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі, да высылкі чарговых лукашэнкаўскіх дыпламатаў з еўрапейскіх сталіцаў:

«Увесці яшчэ больш жорсткія санкцыі супраць Лукашэнкі, сінхранізаваць іх з санкцыямі супраць Расеі. Другое – неабходны судовы пераслед у межах універсальнай юрысдыкцыі. Прызнанне КДБ і ГУБАЗіКу тэрарыстычнымі арганізацыямі. І неабходнае стварэнне міжнароднага трыбуналу за злачынствы супраць чалавечнасці».

Сёння ж у Вільні прайшла акцыя салідарнасці з асуджанымі. Беларусы выйшлі падтрымаць праваабаронцаў, якія многія гады дапамагалі людзям.

Калегі асуджаных праваабаронцаў «Вясны» рыхтуюць на вырак так званага суда апеляцыйныя скаргі.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»