Беларускі рубель умацаваўся, бо ў расейцаў прымусілі здаваць долары?


Беларускі рубель крыху ўмацаваўся да долара і еўра 12 кастрычніка – і ўжо тыдзень не слабне. Імаверна, справа не ў беларускім, а ў расейскім рублі.

Беларускія капейкі.
Фота: Белсат

Нацыянальны банк Беларусі вызначыў курсы на 21 кастрычніка: 3,29 рубля за долар; 2,47 за еўра і 3,38 беларускага рубля за сотню расейскіх. А яшчэ 12 кастрычніка Нацбанк лічыў долар на 6 капеек даражэйшым, еўра – на 8 капеек даражэйшым, а сотню расейскіх рублёў – на тры капейкі таннейшымі.

З 12 на 13 кастрычніка Нацбанк змяніў курсы на блізкія да цяперашніх – і зрабіў гэта ўжо пасля таго, як курсы змяніліся адпаведным чынам у абменніках.

У тых абменніках, паводле звестак Myfin.by, за долар даюць да 3,255 рубля, за еўра – да 3,45, за сто расейскіх рублёў – да 3,38 беларускага. Купіць валюту можна па такіх найлепшых курсах: долар – ад 3,27, еўра – ад 3,46, сто расейскіх – ад 3,39 беларускага рубля.

Даследчыца BEROC Анастасія Лузгіна роўна тое і прадказвала 12 кастрычніка ў каментары выданню «Зеркало»: «Да расейскага наш рубель можа крыху знізіцца, а да долара, наадварот, умацуецца».

Змена курсаў была пасля таго, як у Расеі вырашылі абавязаць некаторую частку экспарцёраў прадаваць валютную выручку дзеля стабілізацыі курсу расейскага рубля: пералічваць у Расею не менш за 80 % экспартнай выручкі цягам 60 дзён пасля атрымання грошай і прадаваць не менш за 90 % пераведзенай у краіну валюты. Адпаведны ўказ Уладзіміра Пуціна засакрэцілі, і пералік кампаніяў, што трапілі пад гэтае патрабаванне, невядомы. Дзейнічаць ён будзе як мінімум да прэзідэнцкіх выбараў у Расеі – да сакавіка-2024.

Лузгіна тлумачыла «Белсату»:

«З дапамогаю экспарцёраў намагаюцца зліквідаваць недахоп валюты на расейскім рынку. Тое, што расейскі рубель адразу ўзмацніўся, абумоўлена збольшага псіхалагічным эфектам, бо гэтыя валютныя абмежаванні ў Расеі не пачалі дзейнічаць у момант. Эфект указу будзе размыты ў часе, аднак ён будзе».

Эканамістка мяркуе, што расейскім экспарцёрам негалосна забароняць куплю валюты адразу пасля абавязковага продажу, ад чаго засцерагала старшыня Банку Расеі. У некаторых кампаніях, прадказвае яна, будзе нехта кшталту назіральнікаў, якія будуць кантраляваць гэта.

Выйдзе ці не выйдзе такім чынам кіраваць курсам расейскага рубля да выбараў, невядома. Але ад расейскага рубля залежыць курс беларускага: хоць беларуская валюта можа абвальвацца незалежна ад Расеі, беларуская эканоміка прывязаная да расейскай.

Аналітыка
Расея кінулася ратаваць свой рубель, а разам – і беларускі. Ці ўдасца?
2023.10.17 17:37

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў