Выдавецтва «Янушкевіч» падпісала кантракт са Стывэнам Кінгам наконт перакладу ягоных твораў на беларускую мову


«Цяпер сусветна вядомы пісьменнік – наш аўтар», – так пра падпісанне кантракту паведаміў Андрэй Янушкевіч на сваёй Facebook-старонцы.

Пісьменнік Стывэн Кінг.
Фота: Peter Scholz / ddp images / Forum

На беларускай мове плануецца выдаць як класічныя творы Стывэна Кінга, так і найноўшыя.

«Выданне беларускіх перакладаў асабліва важнае таму, што аўтар забараніў выдаваць свае творы ў Расеі. Гэта быў ягоны адказ на ўварванне ва Украіну», – падкрэслівае дырэктар выдавецтва.

Першая кніга будзе выдадзеная ўжо сёлета. Які менавіта гэта будзе твор, Андрэй Янушкевіч не раскрывае і запрашае даведацца пра гэта непасрэдна ад яго 21–23 красавіка на кніжнай выставе ў Беластоку. Месца правядзення – гарадскі стадыён, ul. Słoneczna, 1.

Янушкевіч падкрэслівае, што кантракт стаў магчымым дзякуючы чытачам, якія купляюць кнігі, данацяць на дзейнасць выдавецтва, медыям, якія пішуць пра падзеі на беларускім выдавецкім рынку, калегам і паплечнікам.

На кніжнай выставе ў Беластоку таксама адбудуцца сустрэчы з пісьменнікамі Уладзімірам Арловым (у нядзелю а 12:00) і Алесем Кудрыцкім (у суботу а 14:00). Будзе прадстаўлена мноства навінак ад выдавецтваў «Янушкевіч», «Гутэнбэрг», «Цымбераў».

Пасля пераследу і забароны выдаваць кнігі ў Беларусі выдавецтва «Янушкевіч» працуе ў Польшчы.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў