У Офісе Ціханоўскай заклікалі да трыбуналу над прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі


Дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр заявіла пра неабходнасць пачаць крымінальны пераслед супраць прадстаўнікоў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Паводле яе, усе доказы ўжо сабраныя.

Міжнародны суд у Гаазе, Нідэрланды.
Фота: RomanBoed / PxHere

Рыхтэр адзначыла, што даклад пра становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года і пасля яе, прэзентаваны вярхоўным камісарам у справах правоў чалавека ААН, пацвердзіў масавы дзяржаўны тэрор: забойствы, адвольныя затрыманні, здзекаванні, катаванні, утрыманне ў невыносных умовах, згвалтаванні.

Hавiны
УВКПЧ ААН бачыць у падзеях у Беларусі прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці
2023.03.18 10:22

Звярнула дарадца таксама ўвагу на даклад Міжнароднага камітэту расследавання катаванняў у Беларусі ў перыяд з 9 да 14 жніўня 2020 года:

«Высновы абодвух дакументаў не дазволяць проста так «перагарнуць старонку». Вінаватыя ў міжнародных злачынствах павінны панесці адказнасць за ўчыненае. А нядаўнія навіны пра выдачу Міжнародным крымінальным судом ордару на арышт Пуціна сведчыць пра тое, што ўнікнуць правасуддзя не дапамагае нават статус кіраўніка ядравай дзяржавы».

Агляд
Без тэрміну даўніны: хто і як адкажа за катаванні на Акрэсціна
2023.03.16 19:05

Паводле Рыхтэр, трэба прыкласці ўсе высілкі, каб прыцягнуць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы:

«Міжнароднай супольнасці варта пераходзіць ад фіксавання пагаршэння становішча з правамі чалавека ў Беларусі да рэальных дзеянняў для прыцягнення вінаватых да адказнасці. Гэта можна зрабіць шляхам разгляду фактаў супрацьпраўных дзеянняў паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі ў судах замежных дзяржаваў або стварэння міжнароднага трыбуналу супраць службовых асобаў рэжыму Лукашэнкі за здзяйсненне злачынстваў супраць чалавечнасці».

Дарадца адзначыла, што дэмакратычныя сілы працягваюць працаваць у гэтых кірунках, «і раней ці пазней мы ўбачым вінаватых у жахлівых катаваннях на лаве падсудных».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў