«Кава па-беларуску», або як выжыць замежніку ў Менску падчас чэмпіянату


На чэмпіянат у Менск прыехалі заўзятары з разнастайных краінаў. Што іх уражвае ў Беларусі распавядаюць нам госці з Літвы Марыюш і Расіта. А таксама пра візавы і моўны бар’ер, адсутнасць бел-чырвона-белых сцягоў, неасавецкую Беларусь і шалёных памежнікаў.

Марыюш, які прыехаў у Беларусь трэці раз, распавядае, з якіх трох ракурсаў ён убачыў нашую краіну.

Хлопец – студэнт аднаго з віленскіх універсітэтаў, цяпер заканчвае магістратуру. Раней ён ужо наведваў Гарадзеншчыну – быў у Ашмянах, Лідзе, Крэве і ў самой Горадні. На Меншчыне – у Маладзечне, Нясвіжы і Міры. Аднак патрапіць у сталіцу ўсё не даводзілася.

Нагодаю завітаць у Беларусь трэці раз стаў чэмпіянат свету па хакеі. Чаму б і не? Калі можна трапіць на матч сусветнага ўзроўню, не думаючы пра візу. Менавіта таму Марыюш прыехаў сюды не адзін, а з сяброўкаю Расітай.

У нашай краіне яна ўпершыню, але асаблівага ўражання на ейным твары не відаць: “Летась паехала ва Украіну. І ведаеш, у Беларусі амаль нічога новага не пабачыла. Не стала краіна для мяне адкрыццём”.

Упершыню Марыюш прыехаў у 2001 годзе ў Ашмяны разам з дзядулем. Той паказваў мясціны, з якімі звязанае ягонае жыццё, адкуль яго карані. “Тады я ўбачыў польскую меншасць у Беларусі ды яе гісторыю. Гэта першы бок. Летась я выправіўся ў самастойнае вандраванне і разам з сяброўкаю, беларускаю, праехаў па заходняй частцы краіны. Больш еўрапейскай, больш звязанай з ВКЛ. Цяпер жа, прыехаўшы ў Менск, я пабачыў рэпрэзентатыўную Беларусь – савецкую, неасавецкую, якая вельмі захрасла ў мінулым”, – дзеліцца ўражаннямі Марыюш.

Афіцыянтка не зразумела, што такое “кава па-беларуску”

Мы разам накіроўваемся ў менскую кавярню. Цэнтр гораду, 10-я гадзіны раніцы. На вуліцах амаль нікога няма.

У кавярні таксама ні душы. Мы просім меню на англійскай мове, бо Расіта расейскаю валодае слаба. Аднак яго тут няма. Праўда, Марыюш добра ведае мову і прыходзіць ёй на дапамогу.

“Увогуле, без валодання моваю ў Беларусі было б складана, – кажа хлопец. – Рэдка трапляецца чалавек, які можа размаўляць па-англійску. На вуліцах жа ўказальнікаў на замежнай мове вельмі мала – як, у прынцыпе, і на расейскай. Таму ўвесь час даводзіцца звяртацца да людзей, каб яны падказалі, як кудысьці прайсці”.

З гэтай прычыны літовец і прыхапіў з сабою турыстычны гід у выглядзе тэчкі з самаю рознаю інфармацыяй, што можа спатрэбіцца турысту: кавярні, гатэлі, мапы, галерэі.

Пакуль мы разглядаем гід, да нас падыходзіць афіцыянтка прымаць замову. “Мне “каву па-беларуску” і штосьці, падобнае на сняданак”, – кажа ёй хлопец. Тая прапаноўвае яму чызкейк і перапытвае: “Вам эспрэса ці латэ?” Яшчэ пяць хвілінаў літовец тлумачыць, што так называецца кава з меню, і ўрэшце працаўніца кавярні разумее, чаго ад яе хоча замежнік.

Пакуль мы чакаем, Марыюш распавядае пра шпацыр, на які яны з Расітаю адправіліся адразу па прыездзе ў сталіцу. Хадзілі па праспекце Незалежнасці, вуліцы Леніна, звярталі ўвагу на цэрквы і касцёлы, што былі на шляху, не абміналі паркаў, наведалі Свіслач.

“Падаецца, што ў гэтым горадзе няма нічога старажытнага. Быццам ён цалкам новы, збудаваны на пустым месцы. Да таго ж, адчуваецца, як усё падчысцілі. Раней у іншых гарадах яшчэ можна было недзе ўбачыць бел-чырвона-белы сцяг ці “Пагоню”. Цяпер жа нідзе нічога”, – заўважае літовец.

“Памежнікі тут шалёныя”

Да ЧС асабліва рыхтавалі памежнікаў. І, на думку Марыюша, падрыхтавалі няблага.

“Розніца адчувальная. Я з свайго досведу ведаю, што яны тут крыху шалёныя. Быццам маюць неабмежаваную ўладу. Цяпер жа былі ветлівыя і ўсмешлівыя. Ужо не чапляліся да ўсяго без разбору. Нашмат спакайней. Да таго ж, калі мы праязджалі, стаялі толькі маладыя працаўнікі”, – заўважае літовец.

Пасяліліся яны ў Менску ў гасціннага жыхара сталіцы Максіма, якога знайшлі праз інтэрнэт. Спыніцца ім трэба было ўсяго на адну ноч. Увечары першага дня іх чакаў хакей, а ўвечары наступнага – ад’езд.

Квіткі замежныя госці мелі на хакейны матч ЗША – Беларусь.

“Я быў на матчы ЧС у другім дывізіёне, дзе гуляла Літва. Аднак мне было цікава ўбачыць усё на найвышэйшым узроўні. Амерыканскую зборную, іхную падрыхтоўку, хуткасць, тэхніку. Гэта зусім іншае. Цікава было паглядзець на беларускіх аматараў, якія, калі на лёдзе ледзь не пачалася бойка, сталі крычаць “Бі амерыканцаў!” – прыгадвае хлопец.

Расіта хакеем таксама засталася задаволеная. Хоць і не такая заўзятарка, але пабачыць усё на ўласныя вочы, адчуць атмасферу вельмі хацела. Горад жа яе асабліва не ўразіў.

“Менск не стаў для мяне сюрпрызам, – зазначае дзяўчына. – Яго вуліцы, будынкі так я і ўяўляла. Бясспрэчна, у мяне ёсць новыя ўражанні. Аднак каб не чэмпіянат, то не ведаю, ці паехала б сюды. Не так гэта проста, калі ёсць і моўны бар’ер, і візавы”.

Дарэчы, Марыюш моўны бар’ер пераадольвае ўвесь час. Не так даўно ён пачаў займацца вывучэннем беларускай мовы. Яму ўжо падарылі некалькі беларускіх кніг, якія ён неўзабаве пачне чытаць.

Настасся Маланка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары