Захад пашырае санкцыі супраць Расеі


Рэферэндум на Усходзе Украіны не атрымаў міжнароднага прызнання. Захад адзінагалосна выступіў супраць вынікаў нелегітымнага плебісцыту сепаратыстаў і ўвёў новыя санкцыі.

Да чорнага спісу з 48 чалавек дадаліся 13 асобаў і 2 крымскія кампаніі. У яго ўключаныя не толькі расейцы, але і шэраг лідараў сепаратыстаў, якія адказныя за супрацьпраўныя дзеянні, якія падрываюць суверэнітэт і незалежнасць Украіны. Іхныя імёны ды назвы стануць вядомы цягам дня, а захады ўступяць у моц ужо заўтра.

У санкцыйны спіс можа трапіць і кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер, а таксама энергетычныя кампаніі, піша «NR Baltija».

Пра мяцеж, які падтрымлівае Расея, і спробы сарваць прэзідэнцкія выбары ва Украіне кажуць галоўныя еўрапейскія палітыкі.

Кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі прапанаваў наказаць прадстаўнікоў «вонкавых сілаў», якія дэстабілізуюць сітуацыю на ўсходзе Украіны.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд выступілі з супольнаю заяваю, у якой заклікалі Кіеў працягваць падрыхтоўку да свабодных выбараў 25 траўня, у тым ліку на паўднёвым усходзе. Для кантролю над сітуацыяй Еўрапарламент плануе адправіць ва Украіну як мага большую колькасць назіральнікаў.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары