Ва Украіне абвяргаюць заяву Пуціна пра адвод войскаў ад украінскай мяжы (абноўлена)


Расейскіх войскаў каля ўкраінскай мяжы няма, заявіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і заклікаў перанесці «сепаратысцкі» рэферэндум.


Пуцін: Войскі адвялі

«Нам увесь час казалі, што турбуюць нашыя войскі на ўкраінскай мяжы: мы іх адвялі, яны месцяцца сёння не на ўкраінскай мяжы, а ў месцах, дзе яны праводзяць свае рэгулярныя заняткі, на палігонах», – заявіў кіраўнік Расейскай Федэрацыі пасля сустрэчы з прэзідэнтам Швейцарыі Дыд’е Буркгальтэрам.

«Гэта лёгка правяраецца з дапамогаю сённяшніх сучасных сродкаў выведкі. Усё відаць», – падкрэсліў Пуцін. У сваю чаргу ён звярнуўся да ўладаў у Кіеве з патрабаваннем «неадкладна спыніць усе вайсковыя і карныя аперацыі на паўднёвым усходзе Украіны».

Ва Украіне абвяргаюць заяву Пуціна

Паводле аператыўнай інфармацыі групы «Інфармацыйны супраціў», на 17:00 7 траўня групоўка расейскіх войскаў ля межаў з Украінаю не змяніла колькасці ў параўнанні з сітуацыяй на 1 траўня, паведаміў у «Facebook’у» кіраўнік Цэнтру вайскова-палітычных даследаванняў Дзмітрый Тымчук.

«Мы не фіксуем адводу расейскіх войскаў як з 50-кіламетровай, гэтак з 200-кіламетровай зоны ўздоўж мяжы РФ з Украінаю. Таксама цягам апошняга тыдня мы не назіраем і прыбыцця новых гарнізонаў і падраздзяленняў», – напісаў эксперт.

Паводле «Інфармацыйнага супраціву», колькасць расейскіх войскаў у 200-кіламетровай зоне ад усходняй мяжы Украіны складае каля 38 тыс. асобаў.

Пуцін за перанос рэферэндуму

Пуцін звярнуўся і да сепаратыстаў Данбасу: «Просім прадстаўнікоў паўднёвага ўсходу Украіны, прыхільнікаў федэралізацыі краіны перанесці запланаваны на 11 траўня гэтага года рэферэндум».

Расейскі бок заклікае прадстаўнікоў паўднёвага ўсходу Украіны пайсці на гэты крок, «каб стварыць неабходныя ўмовы для дыялогу» з уладамі ў Кіеве.

Праціўнікі цяперашніх кіеўскіх уладаў у Данецкай і Луганскай вобласцях пасля абвешчэння ў пачатку красавіка Данецкай і Луганскай народных рэспублік пастанавілі правесці 11 траўня мясцовыя рэферэндумы адносна пытання пра статус рэгіёнаў.

Служба бяспекі Украіны выклала ў сеціва мацерную размову кіраўніка руху «Расейскае нацыянальнае адзінства» Аляксандра Баркашова (Масква) з лідарам незарэгістраванай арганізацыі «Праваслаўны Данбас» Дзмітрыя Байцова (Данецк), у якой сепаратыст адмаўляецца праводзіць 11-га траўня рэферэндум.

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by

Глядзі таксама
Каментары